Студэнты падтрымліваюць падыход Ігара Марзалюка да размеркавання



Братэрства арганізатараў студэнцкага самакіравання падтрымлівае магчымы адыход ад «жорсткага» размеркавання выпускнікоў, агучаны старшынём Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Ігарам Марзалюком. Згодна з ягонымі словамі, захоўваць размеркаванне ў Беларусі будуць, у першую чаргу, на сацыяльна важных спецыяльнасцях: медыцынскіх, педагагічных.

«Першае працоўнае месца павінна быць прэферэнцыяй, а не катаргай,» – выказвае ўпэўненасць дэпутат. Каментуе кіраўнік праграмы размеркавання Братэрства арганізатараў студэнцкага самакіравання Зміцер Варнашоў.

Ён сказаў, што размеркаванне павінна быць адменена для масавых спецыяльнасцей. Што, у прынцыпе, сёння ёсць неабходнасць толькі захаваць яго для спецыяльнасцей, запатрабаваных з боку грамадства. Тут перадусім можна казаць пра медычныя спецыяльнасці, некаторыя педагагічныя спецыяльнасці. Усё гэта агучана. І з усім гэтым мы, у прынцыпе, згодныя.

Праграма размеркавання Братэрства арганізатараў студэнцкага самакіравання ўжо больш за 3 гады займаецца кансультаваннем выпускнікоў і маніторынгам правядзення размеркавання. Экспертамі праграмы сумесна з Задзіночаннем беларускіх студэнтаў і Праваабарончым цэнтрам „Вясна” была падрыхтаваная справаздача пра сітуацыю з леташнім размеркаваннем выпускнікоў. У справаздачы абагульненыя факты парушэння заканадаўства і ціску на студэнтаў і выпускнікоў, а таксама змяшчаюцца прапановы па ўдасканаленні заканадаўства. Эксперты прапануюць зрабіць магчымым размеркаванне на добраахвотнай аснове для выпускнікоў любой формы навучання.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя