Студэнты паведамляюць пра масавае адлічэнне з ВНУ
Студэнты ВНУ паведамляюць аб масавых адлічэннях за ўдзел у пратэстных акцыях.
Тэлеграм-канал „IN Культ” размясціў інфармацыю аб масавым адлічэнні студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў „за найгрубейшае парушэнне парадку”. „Каля 18 студэнтаў, якія ўчора пісалі тлумачальныя і не мелі да гэтага вымоў, выяўляюць, што іх пропускі заблакаваныя. Дэканат пацвердзіў, што студэнтаў адлічваюць”, — гаворыцца ў паведамленні.
Варта адзначыць, што ў гэтым універсітэце 20 кастрычніка была прызначаная новы рэктар Наталля Карчэўская.
Аб адлічэннях паведамляюць таксама студэнты Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. У сацсеткі патрапіла фота дакладной запіскі на імя рэктара, у якой названыя прозвішчы рэкамендаваных да адлічэння дзевяці студэнтаў, якія ўдзельнічалі раней у несанкцыянаваных акцыях. 28 кастрычніка дакумент ухвалены подпісам таксама нядаўна прызначанага рэктара Аляксандра Бахановіча.
Тэлеграм-каналы медыцынскай супольнасці „Белыя халаты” і „Рупар БДМУ” заяўляюць аб распачатых адлічэннях у Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. „Паведамляецца пра 10 чалавек з лячфака і 2 з педыятрычнага факультэта. Падрабязнасці ўдакладняем”, — пішуць медыкі.
У тэлеграм-канале студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта апублікаваная выпіска з загада ад 27 кастрычніка аб адлічэнні студэнткі 4-га курса факультэта мастацтваў і дызайну за „парушэнне правілаў унутранага распарадку і здзяйсненне раней іншых супрацьпраўных дзеянняў”.
Таксама з’яўляюцца паведамленні аб адлічэннях асобных студэнтаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры.
Раней у чатах студэнты паведамлялі аб адлічэннях у БНТУ і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Таксама стала вядома аб звальненні дэкана факультэта міжнародных эканамічных адносін Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Міхаіла Мішкевіча. На яго старонцы ў „Фэйсбуку” былыя і цяперашнія студэнты і калегі пішуць словы падтрымкі.
Напярэдадні вечарам у студэнцкіх чатах стала з’яўляцца інфармацыя аб тым, што ў рэктараты некаторых ВНУ падаюць спісы студэнтаў на адлічэнне — усіх, хто затрымліваўся на пратэстных мітынгах раней і атрымліваў суткі або штрафы.
Аляксандр Лукашэнка 27 кастрычніка на нарадзе па падрыхтоўцы шостага Усебеларускага народнага сходу выказаўся пра студэнтаў, якія бастуюць. „Студэнты: прыйшлі вучыцца — вучыцеся. Хто хоча — няхай вучыцца. Хто выйшаў, парушаючы закон, на несанкцыянаваныя акцыі, ён пазбаўляецца права быць студэнтам. Калі ласка, адпраўце іх, як я казаў: каго ў армію, а каго на вуліцу. Няхай ходзяць па вуліцы, але яны павінны быць адлічаныя з ВНУ. Тое ж самае выкладчыкі, іх таксама адзінкі, але якія брыдка паводзяць сябе ў ВНУ”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
„Паўтараю: нікога не прасіце і не ўгаворвайце, гэта бескарысна. У лепшым выпадку ў гэтай сітуацыі мы іх загонім пад плінтус. І яны потым зноў адтуль вылезуць. Таму няхай вызначаюцца, дзе яны хочуць жыць, як яны хочуць жыць і што рабіць”, — дадаў ён.
Таксама Лукашэнка звярнуўся да бацькоў школьнікаў і студэнтаў: „Забярыце сваіх дзяцей з вуліцы, каб потым не было балюча. А з астатнімі мы будзем разбірацца па ўсёй строгасці закона”.
Фота: Наша Ніва