Студэнты прыватнай ВНУ ў Менску выйшлі на забастоўку



Раніцай студэнты Менскага інавацыйнага ўніверсітэта выйшлі на забастоўку. Прычына пратэсту — жаданне абараніць сваю ВНУ, якой не працягнулі акрэдытацыю па некаторых спецыяльнасцях.

У выніку, па словах рэктара Мікалая Сушы, 1 600 хлопцаў і дзяўчат могуць застацца без дыпломаў, – піша Tut.by. Забастоўка пачалася ў 9.30. За 15 хвілін да пачатку тут ужо сабралася чалавек 200. У некаторых у руках плакаты. “Мы заслужылі дыпломы”, “Не іншым ВНУ”.

Мікалай Суша патлумачыў, што раз у пяць гадоў усе навучальныя ўстановы краіны праходзяць акрэдытацыю. За 28 гадоў свайго існавання, МІУ праходзіў мноства акрэдытацыі і атэстацый, і заўсёды ўсё было добра. Што здарылася гэтым разам Мікалай Суша не ведае. Паводле яго слоў, у пачатку лістапада ўніверсітэт атрымаў ліст з Дэпартамента кантролю якасці адукацыі. У дакуменце напісана, што навучальнай установе не працягваюць акрэдытацыю па пяці спецыяльнасцях. Рэктар упэўнены: усе парушэнні, якія былі выяўлены падчас праверкі, не грубыя і выпраўныя. Кіраўніцтва МІУ будзе абскарджваць рашэнне камісіі. Бараніць свой універсітэт гатовыя і студэнты: на мінулым тыдні яны паведамілі, што збіраюцца страйкаваць.

Сітуацыю раней пракаментаваў міністр адукацыі Ігар Карпенка, паводле якога студэнтам не варта хвалявацца. Па рашэнні Міністэрства адукацыі, яны змогуць працягнуць адукацыю ў іншых ВНУ па сваіх спецыяльнасцях з наступнай выдачай дыплома дзяржаўнага ўзору.

Да 11 раніцы акцыя скончылася і студэнты пакінулі другі паверх галоўнага корпуса.