Студэнты шэрагу беларускіх ВНУ далучыліся да забастоўкі
26 кастрычніка да агульнарэспубліканскай забастоўкі далучыліся студэнты шэрагу беларускіх ВНУ.
На гэты час вядома пра ўдзел у страйку студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (БНТУ), Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта і іншых.
У студэнцкіх тэлеграм-каналах з’яўляюцца відэа і фота з акцый салідарнасці студэнтаў з беларусамі, якія падтрымалі ўсеагульную забастоўку. Студэнты збіраюцца ў холах, актавых залах, калідорах, ва ўнутраных дварах сваіх ВНУ, становяцца ў ланцугі ля ўваходаў ва ўніверсітэты. Яны апладуюць і скандуюць „Забастоўка!”, „Далучайся!”, „Жыве Беларусь!”, „Пока мы едины, мы непобедимы!” і іншыя лозунгі.
У некаторых універсітэтах студэнты нясуць у дэканаты заявы на ўдзел у забастоўцы. Таксама ўдзельнікі студэнцкіх забастовак заклікаюць адзін аднаго не наведваць заняткі, праводзіць сядзячую забастоўку, арганізавана хадзіць па навучальных карпусах, выходзіць на вуліцу і далучацца да студэнтаў іншых ВНУ, якія падтрымалі забастоўку.
Відэаматэрыялы, размешчаныя ў студэнцкіх тэлеграм-каналах, сведчаць, што ў некаторых універсітэтах ахова не пускае студэнтаў унутр навучальных карпусоў ці, наадварот, не выпускае на вуліцу, у іншых адміністрацыя спрабуе перашкодзіць студэнтам праводзіць страйк, заступаючы ім шлях.
У чатах паведамляюць, што да некаторых ВНУ пад’ехалі мікрааўтобусы з сілавікамі, міліцэйскія аўтамабілі, пачаліся затрыманні. У тэлеграм-каналах з’яўляюцца відэа затрыманняў каля інтэрнатаў БНТУ на праспекце Незалежнасці. У кадр трапілі аўтазак, некалькі мікрааўтобусаў і людзі ў чорным, якія хапаюць студэнтаў.
На праспекце Незалежнасці ў Мінску з’яўляюцца калоны студэнтаў, якія рухаюцца ў бок цэнтра горада.
26 кастрычніка ў Беларусі абвешчаная агульнанацыянальная забастоўка ў сувязі з невыкананнем патрабаванняў ультыматуму, выстаўленага экс-кандыдатам у прэзідэнты Святланай Ціханоўскай. Патрабаванні ўльтыматуму — адстаўка Аляксандра Лукашэнкі, спыненне гвалту і вызваленне палітвязняў. Гэтыя патрабаванні падтрымалі сотні тысяч беларусаў, якія 25 кастрычніка выйшлі на марш „Народны ўльтыматум” у Мінску і іншых гарадах краіны. Акцыі былі жорстка разагнаныя сілавікамі. У сталіцы супраць мірных дэманстрантаў выкарысталі святлошумавыя гранаты і гумовыя кулі.