Студэнты ВНУ трэці дзень запар праводзяць акцыі пратэсту



Студэнты беларускіх ВНУ трэці дзень запар працягваюць акцыі салідарнасці ў падтрымку агульнанацыянальнай забастоўкі.

Як паведамляецца ў студэнцкіх тэлеграм-каналах, сёння ў Менскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце абвешчаны Дзень студэнцкай салідарнасці ў знак пратэсту супраць звальнення выкладчыкаў, якія бастуюць, і адлічэння студэнтаў. Студэнты і выкладчыкі сабраліся ў актавай зале МДЛУ, каб абмеркаваць абвешчаную раней забастоўку.

Таксама ў сацсетках з`явіліся фота і відэа з Лінгвагуманітарнага каледжа МДЛУ. На ганку сабраліся бацькі навучэнцаў, каб пагаварыць з дырэктарам аб учарашніх затрыманнях. Адміністрацыя каледжа не пускае бацькоў унутр, навучэнцы, якія сабраліся ў холе, скандуюць: „Прапускай!”

У Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце з раніцы зачыненыя дзверы пераходаў паміж карпусамі, паведамляе тэлеграм-канал „Рупар БДМУ”. Студэнты зноў збіраюцца на сядзячую забастоўку ў фае ВНУ, некаторыя з бел-чырвона-белымі сцягамі, пляскаюць у ладкі.

На акцыю салідарнасці выйшлі і студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. У сеціве апублікаванае відэа, у якім кіраўніцтва ВНУ звяртаецца да ўдзельнікаў акцыі з прапановай абмеркаваць усе пытанні з рэктарам. Таксама студэнтаў папярэджвалі аб адказнасці за несанкцыянаваныя акцыі.

На марш салідарнасці ў двор ВНУ выйшлі студэнты Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.

Сядзячыя, пеўчыя і маўклівыя акцыі пратэсту працягваюць студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. „Навучэнцы выходзяць з аўдыторый пасля таго, як адказны праверыць адсутных па прозвішчах. Студэнты паведамляюць, што на адным з патокаў, калі людзей пачалі правяраць па прозвішчах, на кожнае прозвішча ў знак салідарнасці рукі адначасова падымала палова патоку”, — піша тэлеграм-канал „Студэнцкая думка” пра сітуацыю на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ.

У студэнцкім тэлеграм-канале Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта „Палітэх97%” студэнтаў заклікаюць збірацца ўнутры сваіх факультэтаў. „Бярыце з сабой выкладчыкаў і аднагрупнікаў, размаўляйце, прыдумвайце планы, што можна яшчэ зрабіць, каб мы былі пачутыя”, — адзначаецца ў чаце.

У Менску на акцыю салідарнасці выйшлі некалькі студэнтаў Міжнароднага ўніверсітэта „МІПСА”.

Напярэдадні вечарам у студэнцкіх чатах стала з`яўляцца інфармацыя аб тым, што ў рэктараты некаторых ВНУ падаюць спісы студэнтаў на адлічэнне — усіх, хто затрымліваўся на пратэстных мітынгах раней і атрымліваў суткі ці штрафы.

Сёння з раніцы некаторыя студэнты БНТУ паведамлялі ў сацсетках аб адлічэнні з ВНУ. „Нас адлічылі ўчарашнім чыслом, усіх, каго затрымалі ў панядзелак”, — напісаў студэнт прыборабудаўнічага факультэта БНТУ.

У тэлеграм-канале студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта сёння паведамлялася аб чаяванні на вялікім перапынку. Студэнты пішуць, што пасля з`яўлення гэтай інфармацыі ў сталовай галоўнага корпуса ВНУ з`явілася міліцыя „сачыць за парадкам”.

У тэлеграм-каналах апублікавалі і загад пра адлічэнне трох студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Сёння аднакурснікі сабраліся на акцыю падтрымкі адлічаных унутры акадэміі і ва ўнутраным дворыку. Скандуюць: „Далучайся!”

У студэнцкіх тэлеграм-каналах выклалі яшчэ адзін дакумент, з якога вынікае, што двум студэнтам факультэта інфармацыйных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта (БДТУ) абвясцілі вымовы за ўдзел 9 кастрычніка ў несанкцыянаванай акцыі на прыступках чацвёртага корпуса ВНУ.

Таксама ва ўніверсітэце вывесілі загад ад 27 кастрычніка, які забараняе правядзенне на тэрыторыі БДТУ няўзгодненых масавых мерапрыемстваў. Акрамя таго, згодна з дакументам, у ВНУ становіцца больш жорсткай праверка наведвальнасці заняткаў і спазненняў на іх, а таксама дысцыплінарная адказнасць. Дэканам факультэтаў загадана „ў мэтах накіравання палітычнай актыўнасці прафесарска-выкладчыцкага складу, студэнтаў і магістрантаў у канструктыўнае рэчышча арганізаваць працу па іх прыцягненні да кампаніі па ўнясенні змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь”.

На адным з відэа невядомыя ў цывільным затрымліваюць у калідоры БДТУ студэнта 4-га курса факультэта інфармацыйных тэхналогій і гвалтоўна выводзяць з ВНУ.

З сацсетак стала вядома аб звальненні за грамадзянскую пазіцыю дэкана факультэта міжнародных эканамічных адносін Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Міхаіла Мішкевіча. На яго асабістай старонцы ў „Фэйсбуку” былыя і цяперашнія студэнты і калегі пішуць яму словы падтрымкі.

Студэнты і выкладчыкі розных беларускіх ВНУ запісваюць і распаўсюджваюць у сацсетках відэазвароты, у якіх выступаюць супраць гвалту, фальсіфікацыі выбараў і супраць націску на акадэмічную супольнасць.

Аляксандр Лукашэнка 27 кастрычніка на нарадзе па падрыхтоўцы шостага Усебеларускага народнага сходу выказаўся пра студэнтаў, якія бастуюць. „Студэнты: прыйшлі вучыцца — вучыцеся. Хто хоча — няхай вучыцца. Хто выйшаў, парушаючы закон, на несанкцыянаваныя акцыі, ён пазбаўляецца права быць студэнтам. Калі ласка, адпраўце іх, як я казаў: каго ў армію, а каго на вуліцу. Няхай ходзяць па вуліцы, але яны павінны быць адлічаныя з ВНУ. Тое ж самае выкладчыкі, іх таксама адзінкі, але якія брыдка паводзяць сябе ў ВНУ”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

„Паўтараю: нікога не прасіце і не ўгаворвайце, гэта бескарысна. У лепшым выпадку ў гэтай сітуацыі мы іх загонім пад плінтус. І яны потым зноў адтуль вылезуць. Таму няхай вызначаюцца, дзе яны хочуць жыць, як яны хочуць жыць і што рабіць”, — дадаў ён.

Таксама Лукашэнка звярнуўся да бацькоў школьнікаў і студэнтаў: „Забярыце сваіх дзяцей з вуліцы, каб потым не было балюча. А з астатнімі мы будзем разбірацца па ўсёй строгасці закона”.

belapan.by

Фота: Scanpix/AFP