Студэнты, якія прыязджаюць з Кітая, два тыдні правядуць у „Брыганціна”



Студэнтаў, якія прыязджаюць з Кітая, на два тыдні размесцяць у аздараўленчым цэнтры „Брыганціна” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.

Дадатковыя месцы на базе „Брыганціны” выдзеляць для студэнтаў, якія прыбудуць у Беларусь з абласцей Кітая, не закрытых на каранцін. „Размова ідзе аб дадатковых мерах для студэнтаў, якія не ўступалі ў кантакт з хворымі і не наведвалі эпідэмічна нестабільныя раёны”, – адзначылі ў Міністэрстве аховы здароўя. Такое рашэнне прынята для дадатковай прафілактыкі і па жаданні студэнтаў, якія не выязджалі ў КНР.

„Цяпер у „Брыганціну” накіраваны спецыялісты. Тут усё забяспечана для таго, каб людзі маглі камфортна правесці два тыдні. Усе медыцынскія супрацоўнікі, якія будуць працаваць у аздараўленчым лагеры, прайшлі дадатковую падрыхтоўку”, – дадалі ў прэс-службе.

У аздараўленчым цэнтры для студэнтаў, якія прыбудуць з Кітая, будзе арганізавана індывідуальная форма навучання ў анлайн-рэжыме. Такія ж меры эпідэмічнай бяспекі ўведзены ва ўсіх абласцях краіны, дзе навучаюцца студэнты з КНР.

Паводле даных Міністэрства адукацыі, цяпер у Беларусі вучыцца амаль 5 тыс. студэнтаў з Кітая. На канікулы за межы краіны выехалі 920 чалавек.

Што датычыцца супрацоўнікаў Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка „Вялікі камень”, то ў Менску чакаюць вяртання амаль 80 чалавек. „Размова ідзе аб тых работніках, якія таксама не былі ў каранцінных зонах. Усе яны правядуць двухтыднёвы аплатны каранцін у сваіх кватэрах, паколькі ў парку ўведзены дадатковыя меры бяспекі. Адміністрацыя завяршае закупку ўсіх неабходных сродкаў для санапрацоўкі тэрыторыі. Са Смалявіцкай раённай бальніцай устаноўлены кантакт, каб у парадку кансалтынгавай дапамогі лепш арганізаваць усе мерапрыемствы па ахове здароўя супрацоўнікаў. Акрамя таго, у першым жылым доме на тэрыторыі парка ўжо ўведзены ў строй фельчарскі пункт. Цяпер там пастаянна знаходзіцца медыцынскі супрацоўнік”, – праінфармавалі ў Міністэрстве аховы здароўя.

У прэс-службе падкрэслілі, што ў парку ўдзяляюць нямала ўвагі інфармаванню персаналу аб тым, як атрымаць медыцынскую дапамогу і выконваць меры прафілактыкі. У „Вялікім камені” распрацавана памятка па папярэджанні распаўсюджвання інфекцыйных захворванняў, у прыватнасці каранавіруснай інфекцыі nCoV-2019.

belta.by