Ствараецца аргкамітэт па святкаванні Дня Волі



Прынята рашэнне пра стварэнне аргкамітэту па святкаванні Дня Волі, – чарговай гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, якое адбылося 25 сакавіка 1918 году. У аргкамітэт ужо пагадзіліся ўвайсці – Партыя БНФ, Рух „За свабоду”, Беларуская хрысціянская дэмакратыя і Аб’яднаная грамадзянкая партыя. Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч упэўнены, што да працы аргкамітэта далучацца і іншыя дэмакратычныя палітычныя арганізацыі.

– 25 сакавіка напэўна з’яўляецца самай важнай датай у гісторыі сучаснай беларускай дзяржавы. Фактычна 25 сакавіка пачалося адраджэнне нашай незалежнасці, якое працягнулася ў 90-ыя гады. Сёння наша незалежнасць знаходзіцца пад пагрозай. Больш за тое, апошнія два гады мы бачым надзвычай высокую актывізацыю імперскіх амбіцыяў, настрояў у Расеі, што падвышае небяспеку для беларускай незалежнасці.

Таму вельмі важна, каб адзначэнне Дня Волі ў Беларусі праходзіла як мага больш шырока, з удзелам максімальнай колькасці грамадзянаў і арганізацыяў, для якіх ідэалы БНР з’яўляюцца блізкімі і каштоўнымі. Таму вырашана загадзя, амаль за два месяцы раней, пачаць працу над падрыхтоўкай святкавання. Першае паседжанне аргкамітэту адбудзецца 3 лютага ва ўправе Партыі БНФ.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя