Ствараецца віртуальная база акрэдытаваных экскурсаводаў



Па ініцыятыве Нацыянальнага агенцтва па турызме ствараецца віртуальная база акрэдытаваных экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў. Каб патрапіць у рэестр, неабходна запоўніць адмысловую анкету, размешчаную на сайце агенцтва.

Па словах намесніцы старшыні Таварыства экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Таццяны Хвагінай, гэта неабходная ініцыятыва, бо экскурсійнай справай мусяць займацца прафесіяналы:

– Мы бачым, як экскурсіі праводзяць не толькі людзі без атэстацыі. Атэстацыя важная, але важныя яшчэ і веды. Я вось бачыла, даручылі экскурсію вучням семінарыі, яны павялі па Гародні экскурсіі. Падбеглі яшчэ супрацоўнікі  музея, якія не распрацоўвалі экскурсіі, і не вельмі умеюць паказаць горад. Але вось ім даручылі.

Таццяна Хвагіна ўпэўнена, што цалкам сітуацыя зменіцца толькі тады, калі ў краіне будзе разуменне, што экскурсавод – гэта прафесія, прычым надзвычай неабходная для развіцця турызму.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота kruiz-tour.by