Створана экалагічнае праваабарончае грамадскае аб’яднанне „ЭкаБрэст”



У Берасці створана абласное экалагічнае праваабарончае грамадскае аб’яднанне „ЭкаБрэст”.

Устаноўчы сход арганізацыі адбыўся 26 мая.

Заснавальнікамі аб’яднання выступілі 12 жыхароў Берасця і Берасцейскага раёна. Старшынём абраны мясцовы праваабаронца Раман Кісляк.

Паводле яго слоў, на сходзе быў таксама абраны савет і рэвізор аб’яднання, прыняты статут арганізацыі. Яе галоўная мэта — дапамога, падтрымка і шырокае прыцягненне грамадскасці да вырашэння экалагічных праблем, абарона правоў і свабод чалавека, зафіксаваных у Канстытуцыі Беларусі і яе міжнародных дагаворах.

Найбліжэйшым часам неабходныя дакументы будуць пададзеныя ў галоўнае ўпраўленне юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама для рэгістрацыі грамадскага аб’яднання „ЭкаБрэст”.

„Безумоўна, да стварэння гэтай арганізацыі нас падштурхнула нежаданне ўлад убачыць парушэнні пры размяшчэнні і будаўніцтве ў СЭЗ „Брэст” акумулятарнага завода. Мы маем намер дамагчыся закрыцця гэтага прадпрыемства”, — сказаў Кісляк.

Акумулятарны завод ТАА „АйПауэр” пабудаваны на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Брэста і Брэсцкага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта.

Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне 176 мітынгаў, 12 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка 2018 года мітынг „Брэстаўчанкі супраць свінцу”, на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек.

25 красавіка гэтага года ў Адміністрацыю прэзідэнта быў перададзены новы калектыўны зварот праціўнікаў акумулятарнага завода.

З 3 мая каля прадпрыемства кругласутачна, змяняючы адзін аднаго, дзяжураць актывісты. Яны лічаць, што завод, яшчэ не прыняты ў эксплуатацыю, ужо фактычна працуе і выкідвае ў паветра шкодныя рэчывы. На думку актывістаў, пад выглядам пусканаладачных работ прадпрыемства ўжо паўнавартасна выпускае прадукцыю. Праціўнікі завода фіксуюць факты, на іх думку, што пацвярджаюць гэта, і накіроўваюць звароты аб парушэннях у адпаведныя інстанцыі.

belapan.by

Фота Брестская газета