Створана петыцыя, у якой патрабуюць выбіраць мэра
На сайце «Зручны горад» створана петыцыя, у якой патрабуюць выбараў мэра замест іх прызначэння зверху.
«Мэраў выбіраюць ва ўсіх еўрапейскіх краінах, акрамя Беларусі, — пішуць стваральнікі петыцыі. — у адпаведнасці з артыкулам 119 Канстытуцыі, кіраўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў прызначаюцца на пасаду і вызваляюцца ад пасады прэзідэнтам Беларусі або ва ўстаноўленым iм парадку i зацвярджаюцца на пасадзе адпаведнымі мясцовымі Саветамі дэпутатаў. Выбары, а не прызначэнне, старшыняў выканкамаў маглі б памяняць парадак і прымусілі б улады прыслухацца да меркавання грамадзян і ўлічваць яго пры прыняцці рашэнняў, а не выконваць указанні зверху. У сувязі з чым, патрабуем зрабіць пасады кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў выбарнымі».
Праз 28 дзён, калі скончыцца збор подпісаў пад петыцыяй, яе накіруюць у Палату прадстаўнікоў.
Беларускае Радыё Рацыя