Створаны Міжпартыйны жаночы форум (абноўлена)



Прадстаўніцы Аб’яднанай грамадзянскай партыі, руху „За Свабоду” і аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, якія ўваходзяць у правацэнтрысцкую кааліцыю, стварылі Міжпартыйны жаночы форум. „Мэта форуму — кансалідацыя жанчын па прасоўванні ідэй і прынцыпаў гендарнай роўнасці», – кажа сябра аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Вольга Кавалькова.

– Жанчыны з трох партый аб’ядналіся ў рамках правацэнтрысцкага жаночага форуму для сумеснай дзейнасці па лабіяванню прынцыпаў роўнасці мужчын і жанчын, для актывізацыі жаночага складніка партый праз каардынацыю палітычных і сацыяльных кампаній. І ў межах гэтай супрацы ўжо намечаны план дзейнасці.

Паводле Вольгі Кавальковай, на парламенцкіх выбарах, якія адбудуцца не пазней за 11 верасня, Міжпартыйны жаночы форум мае намер аказваць усебаковую падтрымку жанчынам, якія ўваходзяць у адзіны спіс патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты ад правацэнтрысцкай кааліцыі. Зараз у гэтым спісе 29% жанчын.

* * *

Як адзначыла намеснік старшыні руху „За Свабоду” Галіна Скараход, адной з мэтаў на бліжэйшую будучыню – гэта аказваць усебаковую падтрымку жанчынам, якія ўваходзяць у адзіны спіс патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты ад правацэнтрысцкай кааліцыі.

– Прасоўванне вось гэтага жаночага ўдзелу ў палітыцы і ў грамадскім жыцці. І таксама яно паспрыяе падтрымцы нашых кандыдатаў. Зараз у правацэнтрысцкай кааліцыі ў адзіным спісе 29% жанчын. І мы прыкладзем усе намаганні, каб яны годна адпрацавалі ў сваіх акругах.

Міжпартыйны жаночы форум плануе правесці міжнародную канферэнцыю, на якой будуць абмеркаваныя пытанні роўнасці мужчын і жанчын у розных сферах, у тым ліку палітычнай.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя