Стыкер з надпісам „Ня быць скотам” прызнаны экстрэмісцкім



У судзе Барысаўскага раёна адбылося слуханне судовай справы аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі. Заяўнікам па справе выступіла Барысаўскае РУУС, зацікаўленай асобай — Максім Д., жыхар Барысава. Менавіта ў яго вясной 2017 года ў рамках справы па адміністратыўным правапарушэнні прайшоў агляд кватэры і была знойдзена “інфармацыйная прадукцыя, якая падпадае пад дзеянне Закона Рэспублікі Беларусь “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму”, як указана ў міліцэйскай заяве. Сярод іншага і стыкеры з надпісам “Не быць скотам”.

Максім Д. і яго сябар былі затрыманыя 26 сакавіка 2017 г. у Барысаве, на наступны дзень пасля ўдзелу ў акцыі апазіцыі на Дзень Волі ў Менску. Іх затрымалі менавіта пасля таго, як яны наляпілі на вадасцёкавую трубу стыкер “Не быць скотам!”. Абодвух хлопцаў асудзілі да 15 сутак адміністратыўнага арышту па традыцыйным артыкуле за лаянку матам у грамадскім месцы і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Па заключэнні экспертнай камісіі з 5 плакатаў і 17 стыкераў, прадстаўленых на даследаванне, усе плакаты і 3 стыкеры ўтрымлівалі прыкметы праявы экстрэмізму, у тым ліку і “ня быць скотам”.