Суд адхіліў скаргу актывіста АГП Міколы Саляніка
У Гарадзенскім абласным судзе прайшоў разгляд скаргі старшыні гарадзенскай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Міколы Саляніка на рашэнне суда Кастрычніцкага раёна.
17 жніўня суддзя Таццяна Гергель прысудзіла яму адміністрацыйныя штрафы ў суме 25 базавых адзінак за парушэнне парадку масавых мерапрыемстваў і непадпарадкаванне законнаму распараджэнню альбо патрабаванню пасадовай асобы пры выкананні ім судовых паўнамоцтваў.
Суддзя Уладзімір Янкоўскі вывучыў сутнасць скаргі і выслухаў заяўніка. Хадайніцтвы Міколы Саляніка былі адхілены. У знак нязгоды ён пакінуў залю суда. Паведамляе Якуб Сушчынскі:
– У абласным судзе Гародні прайшоў разгляд справы Міколы Саляніка – старшыні абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Па прычыне незгоды з рашэннем Кастрычніцкага раённага суда і асуджэннем яго штрафам 620 рублёў або 25 базавых адзінак за нібыта правядзенне пікета і супраціўленне супрацоўнікам міліцыі падчас яго затрымання 3-га ліпеня гэтага года. Хадайніцтвы, якія прапанаваў Мікола Салянік суддзі абласнога суда Уладзіміру Янкоўскаму, а гэта далучэнне аўдыёматэрыялаў, відэаматэрыялаў, якія былі запісаны выпадковымі сведкамі гэтага здарэння, суддзя адхіліў. У знак пратэста Мікола Салянік пакінуў залю суда. Рашэнне суддзя вынес ужо ў адсутнасці Міколы Саляніка. Па рашэнні суда Кастрычніцкага раёна яно засталося без змен.
Далей абскарджваць рашэнне абласнога суда Салянік не плануе, бо не бачыць у гэтым сэнсу.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня