Суд адмовіў у змяненні меры стрымання Жалану Віё



Суд Гомельскага раёна, у якім 15 лістапада судзяць 24-гадовага грамадзяніна Францыі Жалана Віё, адмовіўся змяніць яму меру стрымання. Такое рашэнне абвясціла пасля перапынку суддзя Тамара Застаўнецкая.

Жалан Віё знаходзіцца ў гомельскім СІЗА больш за паўтара месяца. Сёння ў судзе адвакат папрасіў адпусціць абвінавачванага з-пад варты пад асабістае паручыцельства дзвюх беларусак, у тым ліку Таццяны Мурашка, якая ведае француза на працягу трох гадоў і да якой ён прыязджаў у госці ў Беларусь.

Адмову ў задавальненні хадайніцтва суддзя абгрунтавала тым, што злачынства па ч. 2 арт. 295 і ч. 1 арт. 333-1 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў і перамяшчэнне іх цераз мяжу), па якой абвінавачваецца грамадзянін Францыі, з’яўляецца цяжкім:

– Віё Жулан Бертран-Себасцьян здзейсніў незаконнае набыццё, захоўванне і нашэнне боепрыпасаў, то бок злачынства прадугледжанае часткай 2 артыкула 295 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

У судзе знаходзяцца беларускія прыяцелі Жалана Віёна, якія перакананыя ў яго невінаватасці. Менчанка Таццяна Мурашка заўважае, што яе знаёмы — вельмі станоўчы чалавек.

– Мы пазнаёміліся падчас вандроўкі ў Гішпаніі. Пасля гэтага бачыліся некалькі разоў, вось на гэты раз ён прыехаў да мяне ў госці ў Менск. Ён вельмі любіць вандраваць, і гэта яго хобі магу так сказаць. Калі ён не вандруе, то ён адчувае сябе вельмі няўтульна, таму ён робіць гэта амаль увесь час.

Жалан Віён быў затрыманы ў канцы верасня на пункце пропуска Новая Гута, калі ехаў да сваіх сяброў у Кіеў. Падчас мытнага дагляду ён сам паказаў мытнікам патрон, які, як ён меркаваў, быў сувенірны.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель