Суд адмовіўся аднавіць на працы прафсаюзнага актывіста
Гарадзенскі абласны суд адмовіўся аднаўляць на працы работніка Слонімскай камвольна–прадзільнай фабрыкі Міхаіла Сошку, якога кіраўніцтва прадпрыемства звольніла за дзейнасць на карысць незалежных прафсаюзаў.
Актывіст Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці знаходзіцца ў перадпенсійным узросце, што аўтаматычна дае яму гарантыі працягнення кантракта. Аднак, звальненне адбылося, што на думку Міхаіла Сошкі сведчыць пра істотныя парушэнні заканадаўства ў дачыненні да яго, як да актывіста незалежнага прафсаюзнага руху:
— Суботка, былы дырэктар. Я напэўна тры разы ў яго быў за апошні год: ён мяне запрашаў, не я туды хадзіў. Мне прапаноўвалася: кінь гэты прафсаюз і ўсё будзе добра.
Юрый Белякоў, прававы інспектар прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці:
— Гэтае рашэнне суда можна пракаментаваць толькі адным спосабам: ім абсалютна абыякава, што напісана ў нашым законах, у Канстытуцыі, што ў нас сацыяльная дзяржава.
Васіль Корабаў, прадстаўнік прафсаюза РЭП па Гарадзенскай вобласці:
— Тут яўная прыкмета дыскрымінацыі па прафсаюзнай прыналежнасці: чалавек займаўся прафсаюзнай справай у Слоніме і заўсёды меў свой погляд, адстойваў правы працоўных. І тое, што адбылося на камвольна-прадзільнай фабрыцы — яўная дыскрымінацыя.
Міхаіл Сошка не выключае, што рашэнне Гарадзенскага абласнога суда будзе абскарджваць – прычым, не толькі ў Вярхоўным судзе, але і ў камітэце ААН па правах чалавека.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня