Суд адмовіўся разбіраць справу Вольгі Бабінскай за „роварны пікет” у Віцебску
Дзяніс Аляксеенка, суддзя райсуду Чыгуначнага раёна, не стаў пачынаць працэс над раварысткай Вольгай Бабінскай, затрыманай 31-га ліпеня. 26-гадовую дзяўчыну выклікалі ў міліцыю і склалі пратакол за парушэнне артыкула 23.34 КаАП – нібыта яна з сябрамі правяла “несанкцыянаваны велапрабег”.
Вольгу Бабінскую вырашылі пакараць за тое, што на ёй была апранута майка з сімволікай аб’яднанага штаба Святланы Ціханоўскай. Але пратакола міліцыянтам было мала: дзяўчыну, якая прыехала на гутарку ў міліцыі проста з працы, на выходныя змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Яна кажа, што ў шоку ад перажытага:
– Я- хатні чалавек, для мяне ўсе гэтыя ўмовы –нечалавечыя! Тую ежу я, па праўдзе, есці не магла, мяне навучылі слову “шконка” – так гэта называецца, здаецца. Не вельмі ўсё гэта было прыемна.Што да арганізацыі масавых несанкцыянаваных дзеянняў, то мы проста сабраліся і каталіся на роварах.
У Вольгі Бабінскай вельмі клапатлівыя і адказныя бацькі, Мікалай і Таццяна Стрыжнёвы. Яны замовілі для дачкі адваката, і спадарыня Таццяна выступіла на ўчорашнім мітынгу ў падтрымку Святланы Ціханоўскай, запрасіўшы ўсіх неабыякавых людзей падтрымаць дачку ў судзе.
Людзей прыйшло багата, Вольгу таксама прывезлі на суд, хаця спачатку збіраліся судзіць праз Скайп, распавяла маці падсуднай:
– Мы прыйшлі сюды раніцай, а дзяўчыну прывезлі ў суд пасля 2-й дня. Я ў роспачы ад таго, што адбываецца: у матэрыялах справы, аказалася, недастаткова фактаў, каб правесці суд. Я паглядзела матэрыялы – там няма нічога па артыкуле 23.34. Суддзя сказаў, што не будзе высмоктваць гэтую справу з пальца.
Аднак адміністрацыйная справа супраць Вольгі Бабінскай не скасаваная. З суду яе яшчэ раз, пад міліцэйскім канвоем, дзяўчыну звазілі ў пастарунак, дзе складалі новы пратакол. Але яна адмовілася сведчыць супраць сябе, скарыстаўшыся правам, які дае 27-мы артыкул Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск