Суд адмовіўся разглядаць скаргу “Матчынага руху 328”
Гарадзенскі абласны суд адмовіўся разглядаць скаргу ініцыятараў стварэння сацыяльна-асветніцкага грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” на дзеянні Упраўлення юстыцыі аблвыканкама, якое не зарэгістравала арганізацыю. Суд лічыць, што ініцыятары стварэння грамадскага аб’яднання не маюць права звяртацца ў судовую ўстанову з падобнымі скаргамі, хаця такое права даецца грамадзянам Беларусі Канстытуцыяй краіны і акрэсленымі заканадаўчымі актамі. Старшыня ініцыятыўнай групы па стварэнні сацыяльна-асветніцкага грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” Ларыса Жыгар лічыць дзеянні Гарадзенскага абласнога суда неабгрунтаванымі, а свае дзеянні тлумачыць запатрабаванасцю існавання такой арганізацыі ў грамадстве:
– У сацсетках у нас 760 чалавек. Калі я зараз спынюся, то хтосьці скажа за маёй спінай: “Дзякуй богу! Мы перамаглі іх”. Гэтага не будзе! Мы не будзем спыняцца, будзем рабіць іншыя крокі. Будзем існаваць як ініцыятыўная група. Калі не хочуць бачыць нас легальнымі, мы будзем нелегальнымі.
Ініцыятары стварэння грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” абскарджваюць дзеянні Гарадзенскага абласнога суда ў Вярхоўным судзе Беларусі. У вышэйшую судовую ўстанову краіны пададзена скарга, у якой грамадскія актывісты просяць прызнаць дзеянні Гарадзенскага абласнога суда незаконнымі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня