Суд аднавіў слуханні па справе кіраўнікоў незалежнага прафсаюза РЭП
Суд Савецкага раёна Менска аднавіў слуханні па справе кіраўнікоў незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП).
Старшынюе на працэсе суддзя Марына Фёдарава.
Лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і кіраўнік менскай гарадской структуры арганізацыі Ігар Комлік абвінавачваюцца ва ўхіленні ад выплаты падаходнага падатку ў асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 КК). Паводле версіі следства, яны парушылі нормы заканадаўства аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі, а таксама дэкрэта аб атрыманні і выкарыстанні замежнай бязвыплатнай дапамогі.
Паводле дадзеных абвінавачання, Фядыніч спрыяў адкрыццю ў літоўскім банку SEB рахунку прафсаюза, на які паступалі сродкі ад нерэзідэнтаў Беларусі, а таксама перамяшчэнню гэтых сродкаў на тэрыторыю краіны, у тым ліку „асобамі, недасведчанымі аб злачынным характары сваіх і яго дзеянняў”. Гэтыя паступленні, паводле інфармацыі следства, Фядыніч не адлюстроўваў у рэгістры бухгалтарскага ўліку прафсаюза РЭП і не рэгістраваў іх як замежную бязвыплатную дапамогу ў дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.
Тым самым, сцвярджае абвінавачанне, Фядыніч атрымаў даходы ў перыяд з 13 студзеня па 22 сакавіка 2011 года на суму каля 17,5 тысяч долараў, а з 9 сакавіка па 9 снежня таго ж года — на суму 140 тысяч еўра. „Такім чынам, са студзеня 2011 года па сакавік 2012-га (канец падатковай справаздачнасці) Фядыніч, дзейнічаючы сумесна з Комлікам, з карыслівых меркаванняў, сказіўшы сапраўдныя вынікі фінансава-гаспадарчай дзейнасці прафсаюза, ухіліўся ад выплаты сум падаткаў <…> у памеры 22 тысячы 867 рублёў 10 капеек з улікам дэнамінацыі”, — заявіў у судзе дзяржабвінаваўца.
Фядыніч і Комлік сваю віну не прызнаюць.
Падчас суда, які пачаўся 30 ліпеня, шэраг сведак адмовіліся ад сваіх ранейшых паказанняў, якія, паводле іх слоў, былі дадзены пад націскам следства. А сведка Юлія Юхнавец, якая ў 2014—2016 гадах працавала сакратаром прафсаюза РЭП, прызналася, што была завербаваная КДБ да таго, як уладкавалася на гэту працу.
Сёння ў судзе працягнецца допыт сведак.