Суд „адобрыў” будаўніцтва шкоднага завода ў Берасці



Суд Маскоўскага раёна Берасця не задаволіў пазоў групы грамадзян, якія намагаюцца спыніць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем.

У пазове прадстаўнікі ініцыятыўнай групы і грамадскага аб’яднання “Экадом” спасылаліся на тое, што грамадскае абмеркаванне, якое патрабуецца паводле нацыянальнага заканадаўства і Орхускай канвенцыі, падпісанай Беларуссю, не было адпаведна праведзена.

Аднак, суд стаў на бок кампаніі “IPOWER”, якая давяла ў судзе тое, што патрэбныя грамадскія абмеркаванні ўсё ж адбыліся. Кажа адзін з заяўнікаў пазову Дзям’ян Лепясевіч:

– Я толькі што пра гэта казаў, каментаваць рашэнне суда не буду, бо гэта суд. Планы ёсць, мы іх будзем рэалізоўваць, агучваць не будзем, бо няма па што.

Актывіст Фёдар Пятрусевіч:

– Не правасуднае рашэнне адназначна таму, што паводле артыкула 12 Грамадзянскага кодэкса, нарматыўны акт дзяржаўнага органа ці кіравання, калі не адпавядае заканадаўству, то ён прызнаецца нядзейсным і не мае юрыдычнай сілы.

Частка прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы грамадзян – праціўнікаў будаўніцтва, агучылі намер змяніць фармуліроўку і падаць ужо наступны пазоў. Гэтае ж рашэнне яны могуць абскардзіць у вышэйшых судовых інстанцыях. Пад час агалошвання рашэння, у залі прысутнічала каля 40 чалавек, якія зацікаўлены ў спыненні будаўніцтва.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце