Суд адправіў на дапрацоўку справу ў адносінах да Рамана Кісляка



Праваабаронцу Рамана Кісляка не ўдалося прыцягнуць да адказнасці.

Яго спрабавалі пакараць за ўдзел у адной з акцый па „кармленні галубоў”, якую штонядзелю ладзяць праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу:

– Тры разы дапытвалі Ружанскага. Першы раз без мяне пачаўся працэс. Пасля – са мной. І трэці раз выклікалі, каб удакладніць адно пытанне – а хто яшчэ прысутнічаў на плошчы. Калі справа пачала развальвацца і ніякіх доказаў майго ўдзелу ў пікетаванні не было, то адпаведна яны пачалі шукаць сведку, які пацвердзіць маю віну. І тут новы супрацоўнік міліцыі, які ў судзе аказаўся, пачаў проста нахабна хлусіць. Відаць, што яго там не было. Ён сказаў, што я стаяў з людзьмі каля аўтазака і пляскаў у далоні. І паказаў зусім іншае месца, а не тое, дзе я насамрэч быў.

Нягледзячы на тое, што пратакол адпраўлены на дапрацоўку, Раман Кісляк лічыць, што хутчэй за ўсё міліцыя не „спусціць справу на тармазах”. „Неяк яны плотна пачалі працаваць па праціўніках завода”, – падсумаваў праваабаронца.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота b-g.by