Суд аштрафаваў бабруйскую актывістку
У Бабруйску суд аштрафаваў на 26 базавых велічыняў (598 рублёў) пенсіянерку Любоў Санкевіч, актывістку ініцыятывы „Супраць беззаконня ў пракуратуры і судах”, абвінаваціўшы яе ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі ў Менску.
Як паведамлялася, вечарам 22 чэрвеня на Кастрычніцкай плошчы Менска адбыўся пікет салідарнасці з палітвязнямі. Галоўным патрабаваннем удзельнікаў акцыі было вызваленне фігурантаў крымінальнай справы аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання (так званай справы „Белага легіёна”).
Як расказала БелаПАН Санкевіч, 22 чэрвеня яна была ў Менску, прыехала на прыём грамадзян, які павінна была весці кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава. „Я хадзіла па Менску, убачыла, што на плошчы людзі стаяць. Там былі журналісты. Я падышла і выказала сваё меркаванне па сваёй праблеме, па якой я прыехала да кіраўніка адміністрацыі. Я не прыехала спецыяльна на акцыю, я не стаяла з плакатам”, — сказала жанчына.
Пасля вяртання з Менска ў Бабруйск вечарам таго ж дня Санкевіч была затрыманая на вакзале шасцю супрацоўнікамі міліцыі. „Схапілі мяне, адвезлі ў міліцыю, пасля 22.00 пачалі апытанне. Я не адказвала ні на адно пытанне. Я зрабіла хадайніцтва, каб запытаць абаронцу, але мне адмовілі. І што за неабходнасць была ў той дзень праводзіць апытанне, як быццам на заўтра яго адкласці нельга было?” — заявіла Санкевіч. Яна мае намер звярнуцца са скаргай на дзеянні міліцыянераў, якія наладзілі допыт у начны час.
Справа аб удзеле актывісткі у несанкцыянаванай акцыі ў Менску была перададзеная ў суд Бабруйскага раёна і Бабруйска. Паводле сцвярджэння Санкевіч, на пададзеных у суд відэаматэрыялах відаць, што яна ніякіх плакатаў не трымае, а толькі дае каментар журналісту. Нягледзячы на гэта, 12 ліпеня суддзя Алена Ермашэвіч прызнала пенсіянерку вінаватай у правапарушэнні і аштрафавала яе на 598 рублёў.
Паводле слоў Санкевіч, яна мае намер абскардзіць рашэнне суддзі пасля атрымання матывавальнай часткі. Акрамя таго, актывістка заявіла пра намер пачаць галадоўку „супраць бязмежжа ў судах”.