Суд аштрафаваў магілёўскую журналістку на 460 рублёў
Суддзя суда Кастрычніцкага раёна Магілёва Наталля Ясенка прызнала журналістку-фрылансара Аліну Скрабунову вінаватай у незаконным вырабе прадукцыі СМІ.
У канцы жніўня супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС абласнога цэнтра пачалі адміністрацыйны працэс у дачыненні да Скрабуновай на падставе ч. 2 арт. 22.9 КоАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ). Гаворка ішла пра сюжэт, які выйшаў на польскім тэлеканале „Белсат” 15 ліпеня. У ім расказвалася пра жывёл у магілёўскім спэцаўтапрадпрыемстве (САП), што займаецца, у прыватнасці, адловам і ўтрыманнем бяздомных катоў і сабак. Скрабунова адмаўляе сваю віну ў выстаўленым ёй правапарушэнні і лічыць працэс пераследам за журналісцкую дзейнасць. 5 верасня суд Кастрычніцкага раёна Магілёва пачаў разгляд справы журналісткі.
На пасяджэнні 7 верасня былі заслуханыя два сведкі: старшыня магілёўскага таварыства абароны жывёл „Добрае сэрца” Святлана Ярмоленкава і ўчастковы інспектар Кастрычніцкага РАУС Уладзімір Шчарбакоў, які склаў пратакол у дачыненні да Скрабуновай. Ярмоленкава пацвердзіла, што падсудная брала ў яе інтэрв’ю на суботніку ў САПе. „Я ніколі не бачыла і не бачу нічога супрацьзаконнага ў здымках сюжэта”, — заявіла сведка. Ярмоленкава са станоўчага боку ахарактарызавала Скрабунову, якая, паводле яе слоў, пастаянна дапамагае грамадству, не адмаўляе ў розных просьбах.
Ярмоленкава таксама расказала, што ўчастковы выклікаў яе на падставе скаргаў жыхароў на брэх сабак, аднак потым выявілася, што яна праходзіць па справе Скрабуновай у якасці сведкі. Жанчына паведаміла, што міліцыянер дапытваў яе і іншых сведак разам, а для апазнання журналісткі паказаў толькі адну фатаграфію, на якой і была Скрабунова.
Сама Скрабунова прасіла суд не прымаць паказанні сведак, дадзеныя ў міліцыі, бо яны былі атрыманыя незаконна — людзі былі выкліканыя на апытанне падманным шляхам, былі апытаныя разам, а не паасобку, як таго патрабуе заканадаўства, для апазнання была паказаная толькі яе фатаграфія, а не фатаграфіі як мінімум трох чалавек. У апошнім факце журналістка ўгледзела націск на сведак і навадное пытанне, што забаронена законам. Акрамя таго, Скрабунова ўказвала на словы іншай сведкі, якая заявіла, што паказанні ў яе былі ўзятыя пад націскам.
Апытаны міліцыянер, адказваючы на пытанні падсуднай, сцвярджаў, што ён выклікаў сведак „на добрапрыстойнай падставе”. Якога-небудзь націску на сведак не рабіў, а пратаколы іх апытанняў хоць і падобныя, тым не менш адрозніваюцца.
Згодна з паказаным на судзе сюжэтам тэлеканала „Белсат”, яго аўтарам з’яўляецца Наста Ільіна. Аднак Шчарбакоў заявіў, што ўпершыню чуе гэтае імя, бо не глядзеў сюжэт да канца. Ён таксама паведаміў, што не звяртаўся ў рэдакцыю тэлеканала, каб высветліць, хто аўтар сюжэта.
Нягледзячы на шэраг названых парушэнняў заканадаўства з боку міліцыі і нядбайна праведзены разгляд справы, суддзя Ясенка палічыла віну Скрабуновай даказанай. „Скрабуновай Аліне Аляксандраўне на падставе часткі 2 артыкула 22.9 КоАП прызначыць адміністрацыйнае спагнанне ў памеры 20 базавых велічынь, што складае 460 рублёў”, — зачытала рашэнне суддзя.
„Я, вядома, буду абскарджваць. Я вельмі здзіўленая гэтым вердыктам, бо нішто не казала пра тое, што мяне могуць пакараць штрафам. Я лічу, што міліцыя не сабрала ніякіх доказаў, справа развальвалася на любым этапе. Гэта проста палітычная замова, калі суддзя была проста вымушаная прысудзіць мне гэты штраф. Я звязваю гэта ўсё з націскам на „Белсат”, — заявіла журналістам Скрабунова.