Суд Бярозаўскага раёна пакараў дзвюх шматдзетных маці штрафам
Суддзя Бярозаўскага раённага суда Дзмітрый Кавалевіч пакараў дзвюх шматдзетных маці штрафам за ўдзел у Маршах супраць насілля з боку сілавых структур. Маршы праходзілі ў Белаазёрску і Бярозе 23 жніўня.
28-гадовая Марына Берднік з Бярозы аштрафавана на 189 рублёў. Для маці траіх дзяцей, якая сядзіць у дэкрэтным адпачынку, – гэта значная сума. Выхавацелька дзіцячага садка Алена Макоўчык з Белаазёрска пакарана штрафам у 162 рублі. Віны сваёй жанчыны не прызналі:
– Я, як мама, я маю траіх дзяцей, я хачу быць у іх бяспецы. Не для таго іх нараджала, каб потым хтосьці іх збіў, зрабіў інвалідамі, ці наогул забіў.
– Калі суд лічыць, што гвалт, – гэта правільна, гэта так трэба ўтаймоўваць нас, каб дзеючая ўлада далей гэтак жа бясчынствавала. Ну тады ў нас такі суд, “гуманны суд”.
З працэса ў працэс адвакат Галіна Дрэбезава вучыць бярозаўскіх і белаазёрскіх ахоўнікаў рэжыму правільна складаць пратаколы. Але яны ніяк не могуць зразумець, што кожны пункт артыкула павінен адпавядаць віне, а не проста быць давескам для дэманстрацыі цяжкасці ўдзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.
Беларускае Радыё Рацыя