Суд дазволіў следчым адкрыць банкаўскі сейф Паўла Шарамета
Пячэрскі раённы суд Кіева дазволіў следчым, якія займаюцца справай аб забойстве журналіста Паўла Шарамета, адкрыць яго банкаўскі сейф у кіеўскім аддзяленні № 39 „Ашчадбанка Расеі”. Рашэнне суда ад 2 жнiўня размешчана ў адзіным Дзяржрэестры судовых рашэнняў Украіны.
Суд таксама дазволіў следчым зрабіць копіі дакументаў, якія захоўваюцца ў банкаўскай ячэйцы Шарамета. На думку суда, звесткі, да якіх адкрылі доступ, могуць быць важныя для раскрыцця забойства.
Саракачатырохгадовы журналіст беларускага паходжання Павел Шарамет, які апошнія пяць гадоў жыў і працаваў ва Украіне, загінуў у Кіеве раніцай 20 ліпеня ў выніку падрыву машыны. Выбух адбыўся ў 7.45 на рагу вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка. Паводле інфармацыі праваахоўнікаў, спрацавала выбухоўка магутнасцю 400—600 г у тратылавым эквіваленце. Нацыянальная паліцыя Украіны распачала па факце гібелі журналіста крымінальную справу па артыкуле „Наўмыснае забойства”. Да расследавання падключыліся супрацоўнікі ФБР, аб дапамозе якіх папрасілі ўкраінскія ўлады.
Павел Шарамет быў пахаваны на Паўночных могілках пад Менскам 23 ліпеня. Раней следства адпрацоўвала чатыры версіі забойства: асабістыя непрыязныя адносіны з загінулым, прафесійная дзейнасць, дэстабілізацыя становішча ў Кіеве і памылка (машына, у якой быў узарваны Шарамет, належала уладальніцы „Украінскай праўды” Алене Прытуле).
Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Украіны Хація Дэканаідзэ 20 жніўня заявіла пра адсутнасць вялікага прагрэсу ў расследаванні забойства журналіста. Яе намеснік Вадзім Траян 21 жніўня абнародаваў інфармацыю аб тым, што Шарамет і Прытула яшчэ ў лістападзе мінулага года паведамлялі праваахоўным органам пра сачэнне за імі.