Суд Фрунзенскага раёна Менска вынес Вользе Калацкай прысуд (абноўлена)



Вользе Калацкай, што дала дзве поўхі Рыгору Азаронку, далі два гады хатняй хіміі. Яна выйшла на волю і падзякавала беларусам за салідарнасць. Сёння суд Фрунзенскага раёна вынес прысуд перакладчыцы Вользе Калацкай. Ёй прысудзілі два гады абмежавання волі без накіравання ва ўстановы закрытага тыпу, тэрмін у СІЗА залічыць дзень за два. Каля будынка суда яе чакалі сябры і калегі, а таксама журналісты.

– Велізарны дзякуй за тое, што дапамагалі маёй маці. Не пакінулі яе адну. Я зразумела, колькі ў нас цудоўных людзей, я зразумела, што такое салідарнасць. Людзі, я вас вельмі-вельмі люблю. З такімі людзьмі ў нас усё будзе добра. Будзе такая краіна, пра якую мы марым.

Вольга Калацкая дала дзве поўхі журналісту СТБ Рыгору Азаронку. Гэта здаралася 15 лістапада падчас акцыі памяці Рамана Бандарэнкі каля станцыі метро Пушкінская. Вольга была затрыманая 15 студзеня і з таго часу знаходзілася за кратамі.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

***

24 сакавіка за дзве аплявухі супрацоўніку тэлеканала СТВ Рыгору Азаронку суд Фрунзенскага раёна Менска пакараў перакладчыцу Вольгу Калацкую двума гадамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Яе вызвалілі ў зале суда.

belapan.by