Суд Маскоўскага раёна Берасця задаволіў пазоў кампаніі „IPOWER”
Суд Маскоўскага раёна Берасця задаволіў пазоў кампаніі „IPOWER” аб спагнанні з Дзям’яна Лепясевіча, Дзмітрыя Бекалюка, Алены Макарэвіч і грамадскага аб’яднання „Экадом” грошай. Выдаткі датычыліся паслуг адвакатаў, якімі скарысталася кампанія, пад час разгляду пазову ініцыятыўнай групы грамадзян адносна спынення будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасцем супраць „IPOWER”. Тады, суд стаў на бок забудоўшчыкаў.
Каментуе Дзям’ян Лепясевіч:
— Вядома, вынік чаканы. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што ў „IPOWER” з усімі сяброўскія адносіны. Мы ж не на базары: скінуў, накінуў, прыбраў не прыбраў. Проста так суддзя вырашыў і ўсё: ніякіх доказаў не прыведзена, прынамсі я ў іх не разабраўся. Са столі лічбы ўзялі, а ты іх маеш аплаціць.
Першапачаткова кампанія „IPOWER” хацела спагнаць больш за 1200 даляраў у эквіваленце, але суддзя Аляксей Карагода вынес рашэнне аб сплаце кожным з чатырох адказчыкаў па 315 беларускіх рублёў. Гэта ў суме амаль на палову меней заяўленай у пазове. „Мяркуем што падобныя пазовы з боку „IPOWER” скіраваны на тое, каб выцягнуць грошы з актывістаў, каб пасля ў іх адбіць ахвоту падаваць далейшыя пазовы адносна заводу”, — мяркуюць тыя хто прысутнічаў на судзе.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота аўтара