Суд над студэнтамі: віну прызнаў толькі адзін
Сёння, 17 траўня, фігурантам скончылі чытаць абвінавачанні, пачалі апытваць сведак.
У Менску працягваецца суд над фігурантамі так званай «справы студэнтаў». Па ёй праходзіць дванаццаць чалавек, які знаходзяцца ў СІЗА ўжо больш за шэсць месяцаў.
Справу разглядае суддзя суда Савецкага раёна Марына Фёдарава. Усіх палітзняволеных вінавацяць па ч. 2 арт. 17 („злачынства, здзейсненае групай асобаў па папярэдняй змове”) і ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса („актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак”), ім пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.
Следства вінаваціць затрыманых у тым, што яны нібыта каардынавалі пратэсты на месцах, вялі тэматычныя тэлеграм-каналы, асабіста заклікалі да ўдзелу ў акцыях пратэсту, выраблялі і распаўсюджвалі ўлёткі з заклікамі, кіравалі ўдзельнікамі, займаліся іхным рыхтаваннем і матэрыяльным забеспячэннем, паведамлялі пра перасоўванне супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. Паводле следчых, пратэставыя акцыі зрывалі адукацыйны працэс і нармальную працу ВНУ, бо моладзь блакавала калідоры, ускладняла праход студэнтаў, выкладчыкаў і наведнікаў, гучна крычала, свістала, скандавала лозунгі, спявала.
Як перадаюць з залы суда, як і раней, сёння туды пусцілі толькі па два родзіча кожнага з затрыманых. Апроч іх на працэс прыйшлі нейкія незразумелыя мужчыны.
Сёння, 17 траўня, фігурантам скончылі чытаць абвінавачанні. Потым у падсудных спыталі, ці прызнае хтосьці з іх віну.
Выкладчыца Вольга Філатчанкава, студэнткі Кася Будзько, Яна Арабейка, Ксенія Сырамалот і актывістка Алана Гебрэмарыям сказалі, што не разумеюць, у чым канкрэтна абвінавачваюцца і адмаўляюцца прызнаваць віну. Астатнія фігуранты проста сказалі, што віну не прызнаюць.
З усіх абвінавачаных віну па ч.1 арт.342 прызнаў толькі студэнт МДЛУ Глеб Фіцнер.
Пасля гэтага ў судзе пачалося апытанне сведак.
Калаж spring96.org