Суд над актывісткай Алінай Літвінчук так і не адбыўся (абноўлена)
Суд над Алінай Літвінчук, затрыманай напярэдадні актывісткай ініцыятыўнай групы Анатоля Лябедзькі, так і не адбыўся.
Як нагадала актывістка напярэдадні яна везла з Менска пасведчанні сяброў ініцыятыўнай групы Аб’яднанай грамадзянскай партыі. І менавіта з гэтым звязвае сваё затрыманне.
Сёння ж высветлілася, што суд і не мог адбыцца, бо адміністрацыйнай справы супраць Аліны Літвінчук і няма:
– Суда не было. Мне сказалі, што “хутчэй за ўсё ваш суддзя гэта – Святаслаў Каліна, але ён вельмі заняты – ў яго разгляд крымінальнай справы”. Пасля пачалі высвятляць, а чаму гэта мне тады выпісалі позву на 15:00, на сённяшні дзень. Яны потым пачалі казаць, што гэта нейкая памылка, бо суддзя сёння заняты. А потым высветлілася, што і справы не прывезлі таксама сёння. Я так разумею, што справы і няма таму, што да іх прыходзілі супрацоўнікі РАУСа Ленінскага раёна, і як паведаміла сакратар суда, што ніякіх дакументаў яны не прывозілі і нават не заводзілі гаворкі пра гэтую справу.
Затрыманне актывісткі Лябедзька назваў „кропкавым”: „Яе чакалі”. Як лічыць прэтэндэнт у прэзідэнты, у Берасці „адбылася адкрытая правакацыя”. „Калі браць яе прававы бок, то мы фактычна не можам збіраць у Берасцейскай вобласці подпісы, так як у людзей няма пасведчанняў”, – сказаў Лябедзька.
Паводле яго слоў, ЦВК ужо праінфармаваны пра тое, што адбылося. Палітык не выключыў магчымасць звароту са скаргай у пракуратуру. „Лічу, што тое, што здарылася – спроба ўнесці вірус страху ў нашу каманду”, – заявіў Лябедзька.
Нагадаем, што ў раённым аддзеле міліцыі на Аліну Літвінчук склалі пратакол аб адміністрацыйным парушэнні па артыкуле 22.9 – за супрацоўніцтва з незарэгістраваным сродкам масавай інфармацыі, а менавіта нашым Беларускім Радыё Рацыя:
– 30 траўня 2015 года каля 16 гадзін Літвінчук А.С., не маючы акрэдытацыі ў якасці журналіста на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, знаходзілася ў будынку гасцініцы “Эрмітаж” і ўзяла інтэрв’ю у вядучага карэспандэнта газеты “Брестский вестник”, пасля гэтага размясціла публікацыю на сайце польскай радыёстанцыі “Радыё Рацыя”, чым парушыла патрабаванне арт. 36 “Аб сродках масавай інфармацыі” і здзейсніла незаконны выраб прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі.
Пасля складання пратакола яе вызвалілі. У аддзяленні міліцыі Літвінчук правяла тры гадзіны. На гэты час у яе быў прызначаны сход чальцоў ініцыятыўнай групы для атрымання пасведчанняў.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя