Суд над Алесем Леўчуком перанесены



Разгляд адміністрацыйнай справы над журналістам Алесем Леўчуком за “непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі” перанесены на 13 красавіка. Пра гэта фрылансеру паведаміла ягоная адвакатка. Справу мусіў разглядаць суд Кобрыньскага раёна, дзе і мела месца здарэнне з “непадпарадкаваннем”, калі Алесь Ляўчук разам з калегай Міланай Харытонавай асвятлялі акцыю “недармаедаў”:

– Бачу, што справа цалкам сфабрыкаваная. Мы проста размаўлялі з людзьмі, яны распавядалі нам пра сваё цяжкае жыццё, што ў Кобрыні няма працы. Падчас гэтага мерапрыемства да нас падышоў нейкі мужчына, які аказаўся намеснікам у мясцовым РАУС. Я даў яму сваё пасведчанне, і ён сказаў, што не мае да мяне ніякіх пытанняў, што мы можам спакойна працаваць. А калі мы ўжо ехалі назад у Берасце, нас спыніла машына ДАІ. Супрацоўнік ДАІ толькі паспеў запытаць пра дакументы, як прыляцелі невядомыя мужчыны і выцягнулі нас з машыны.

Парушэнне аналагічнага артыкула інкрымінуюць і Мілане Харытонавай, суд над якой адбудзецца ў той самы дзень – 13 красавіка. Акрамя таго, на абодвух журналістаў склалі яшчэ па пратаколе за “працу без акрэдытацыі” і, такім чынам, у адзін дзень іх будуць судзіць па чатырох пратаколах адразу.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце