Суд над Алесем Ляўчуком перанесены
Судовага разгляду справы незалежнага журналіста Алеся Ляўчука, за ўзятае інтэрв’ю ў футбаліста берасцейскага “Дынама” Рамана Васілюка, не адбылося. Прычынай гэтаму, паводле версіі міліцыі, сталася адсутнасць у судзе сведкі:
– Патэлефанавалі супрацоўнікі міліцыі і паведамілі, што суд перанесены на пятніцу. Я пайшоў да прадстаўніка суда, дзе мне сказалі, што мая справа нават не паступіла ў суд. І нічога невядома. Паехалі ў Ленінскі РАУС, у іх пачалася нейкая паніка, пачылі блытацца ў паказаннях. Таму я не ведаю, чым гэта скончыцца.
Алеся Ляўчука не ўпершыню вінавацяць у “незаконным вырабе інфармацыйнага прадукту” ды “супрацу з замежнымі сродкамі масавай інфармацыі” без акрэдытацыі. Паралельна гэтай справе, супраць Алеся днямі ўзбуджана і яшчэ адна. Карэспандэнт лічыць, што адбываецца гэта на замову КДБ.
Беларускае Радыё Рацыя