Суд над Аляксандрам Вайцешыкам зноў адкладзены



27 кастрычніка працягнуўся разгляд справы супраць праваабаронцы з Баранавіч Аляксандра Вайцешыка, які абвінавачваецца ў абразе і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. 

Адміністрацыйныя справы праваабаронцы з Баранавіч Аляксандра Вайцешыка нібыта за абразу і непадпарадкаванне міліцыі ў чарговы раз адкладзены. Суддзя Аксана Копач толькі на другім паседжанні па справе абразы канвойнага сяржанта  Тараса Караткевіча ў зале суда вырашыла выклікаць сведак: калегаў Караткевіча. Калі ўбачыла, што на баку Вайцешыка выступіў сведка Яўген Жураўскі.  На баку Вайцешыка ўсе доказы і факты яго невінаватасці, але судовае рашэнне  не вынесена. Судовае разбіральніцтва цягнулася каля трох гадзін.

Кажа Аляксандр Вайцешык:

— На дадзены момант бачна, што суддзя хоча доказаў маёй віны і таму выклікае супрацоўнікаў міліцыі. Яны вядома будуць даваць паказанні супраць мяне. Паводле дакументаў, які ёсць у матэрыялах справы, мяне павінны апраўдаць. Але мы ведаем, што ў нас няма нармальных судоў, што парушаюцца і правы чалавека і ўнутраныя законы, таму цяжка нешта загадваць наперад.

Наступнае паседжанне па справе баранавіцкага праваабаронцы Аляксандра Вайцешыка прызначана на 30 кастрычніка.

Нагадаем, што Аляксандр Вайцешык быў затрыманы 11 кастрычніка падчас суду над расійскім філосафам Пятром Рабавым. Яго даставілі ў мясцовы ГАУС, дзе на яго склалі два пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях – па арт. 23.5 КаАП „Абраза супрацоўніка міліцыі пры выкананні службовых абавязкаў” і 23.4 КоАП „Непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы пры выкананні службовых абавязкаў”. На наступны дзень павінен быў адбыцца суд, аднак паседжанне перанеслі на 17 кастрычніка, бо Вайцешык запатрабаваў прадаставіць яму абаронцу. Другі раз праваабаронцу затрымалі 16 кастрычніка, напярэдадні суда, калі той хацеў сфатаграфаваць Пятра Рабава на баранавіцкім вакзале. Тады на Вайцешыка быў складзены яшчэ адзін пратакол па арт. 23.4 КаАП. 

17 кастрычніка, падчас першага паседжання, суддзя аб’яднала ўсе тры пратаколы ў адну справу. Тады былі дапытаныя міліцыянты, якія прысутнічалі ў залі суда над Пятром Рабавым і якія бачылі, як Вайцешык нібыта зняважыў аднаго з супрацоўнікаў. 

Поўны гук слухайце ў далучаным файле.

Беларускае Радыё Рацыя