Суд над Андрэем Бяляўскім за захоўванне патрона пачнецца 11 студзеня
Суд над экс-фігурантам „справы патрыётаў” Андрэем Бяляўскім за захоўванне патрона пачнецца 11 студзеня ў судзе Ленінскага раёна Менска, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org. Пачатак пасяджэння запланаваны на 10.30.
Згодна з ч. 2 cт. 295 Крымінальнага кодэкса, Бяляўскаму пагражае пакаранне ў выглядзе папраўчых работ тэрмінам да двух гадоў, арышт да трох месяцаў, абмежаванне волі да пяці гадоў, пазбаўленне волі да сямі гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасці.
Мастак-дызайнер з Менска Андрэй Бяляўскі быў затрыманы 28 сакавіка 2017 года і абвінавачаны паводле ч. 3 арт. 293 КК (навучанне і падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках). 2 чэрвеня адпушчаны з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе. У тым жа месяцы справа аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, заведзеная напярэдадні Дня Волі 25 сакавіка, была спыненая, а другая распачатая крымінальная справа (аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання) — перададзеная з КДБ у Следчы камітэт. 27 лістапада СК спыніў справу аб узброеным фармаванні ў сувязі з тым, што, як было ўстаноўлена, дзеянні фігурантаў не былі накіраваныя на гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу.
У пачатку снежня ў дачыненні да Бяляўскага заведзеная новая крымінальная справа па факце знойдзенага ў яго пры затрыманні патрона.
belapan.by