Суд над блогерам Пятрухіным: пракурор патрабуе два гады “хіміі” (абноўлена)
Пракурор просіць 2 гады хіміі для Сяргея Пятрухіна і 100 базавых грашовага спагнання.
Скончыўся трэці дзень крымінальнага працэсу над блогерам Сяргеем Пятрухіным.
Па-ранейшаму большасць месцаў у залі займалі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, аднак знайшлося некалькі месцаў і для тых хто прыйшоў падтрымаць блогера:
– Мне пракурор запрасіў два гады хіміі з накіраваннем – гэта па паклёпу і 100 базавых за абразу. Не тое, што шок, гэта проста наступленне на свабоду слова. Кампанія з «Белсатам», кампанія з «Белтай», кампанія ў Берасці супраць акумулятарнага заводу. Яны душаць свабоду слова, складу злачынства ўвогуле ніякага няма. Мяне абвінавачваюць у тым, што я ведаючы, што скончылася праверка супраць міліцыянтаў, нібыта яны не білі Камінскага, усё было па закону, што гэта з’яўляецца паклёпам.
Суддзя суда Ленінскага раёну Берасця Аляксандр Семянчук абвесціў перапынак да 18 красавіка, 9:30 гадзін раніцы. У гэты дзень імаверна будзе вынесены прысуд.
Адразу пасля абвяшчэння перапынку ў працэсе над блогерам Сяргеем Пятрухіным, у калідоры суда Ленінскага раёну Берасця затрымалі Дзмітрыя Бекалюка.
Сведкам гэтай падзеі быў блогер Аляксандр Кабанаў:
– Выходзім з залі пасяджэння, стаіць поўны калідор АМАПаўцаў. Яны не прадстаўляюцца, нічога не кажуць, з якой нагоды затрымліваюць, ні нам, нікому, яго проста хуценька выводзяць гэтай „шоблай” у калідор, грузяць у мікрааўтобус і павезлі. Што такое адбываецца? Чаму супрацоўнік міліцыі не прадставіўся, з якой нагоды затрымлівае? Пры гэтым зноў Мікалай Самасюк у цывільным тут знаходзіцца.
Дзмітрый Бекалюк быў затрыманы ў нядзелю на пачатку акцыі па кармленні галубоў, якую праводзяць праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Яму ўдалося з’ехаць з РАУС на карэце хуткай дапамогі, аднак ужо сёння на працэсе над Пятрухіным ім зноўку зацікавіўся АМАП. Бекалюк у сваёй прамове на плошчы заклікаў прэзідэнта звярнуць увагу на сітуацыю ў Берасці.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце