Суд над чарговай групай ашмянскіх мытнікаў



У Менску пачалі судзіць чарговую групу ашмянскіх мытнікаў. Сярод фігурантаў — 12 супрацоўнікаў пункта пропуску «Каменны Лог». Іх вінавацяць у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры. Абвінавачаным пагражае ад 5 да 15 гадоў пазбаўлення волі. У справе яшчэ чатыры фігуранты. Адзін з іх абвінавачваецца ў атрыманні хабару і наўмысным невыкананні з карыслівай або іншай асабістай зацікаўленасці службовых дзеянняў, спалучаных з патураннем злачынства. Яшчэ двое абвінавачваных праходзяць па крымінальным артыкуле за дачу хабару, чацвёрты — за атрыманне і дачу хабару.

Пра выяўленне карупцыйнай схемы на Ашмянскай мытні Аляксандр Лукашэнка распавёў у эфіры беларускіх тэлеканалаў 5 красавіка 2015 года. Расследаваннем займаўся Камітэт дзяржаўнай бяспекі. У сакавіку і красавіку мінулага года былі затрыманыя каля 20 былых і дзеючых на той час супрацоўнікаў мытнага пункта «Каменны Лог». Пачата пяць крымінальных спраў за атрыманне і дачу хабару — цяпер яны разглядаюцца ў розных судах Менска. Былы начальнік Ашмянскай мытні Іван Невяркевіч у сакавіку гэтага года быў асуджаны на шэсць гадоў пазбаўлення волі.

Паводле БелаПАН