Суд над дацэнтам Наталляй Дулінай прызначаны на 2 лістапада
Суд над звольненай з Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Наталляй Дулінай адбудзецца 2 лістапада, выхадныя яна правядзе ў зняволенні, паведамілі БелаПАН калегі выкладчыцы.
Дацэнт Дуліна была затрыманая 30 кастрычніка каля МДЛУ невядомымі. Пазней з’явілася інфармацыя аб тым, што яна дастаўленая ў ізалятар часовага ўтрымання ў 1-м завулку Акрэсціна і застанецца там да суда.
Як мяркуецца, Дуліна затрыманая па адміністрацыйным артыкуле.
30 кастрычніка каля МДЛУ прайшла акцыя салідарнасці з адлічанымі студэнтамі і звольненымі выкладчыкамі. У ёй прынялі ўдзел студэнты, іх бацькі, выкладчыкі і выпускнікі.
Наталлю Дуліну, калі яна выйшла з МДЛУ, людзі сустрэлі апладысментамі. Яны трымалі расцяжку са словамі „VIVA Дуліна!” і скандавалі „Дуліна, мы ганарымся!”, „Дзякуй!”, „Жыве Беларусь!”, „Саша, ты адлічаны!”.
„Загад аб маім звальненні ёсць, я яго яшчэ не падпісала, таму што знаходжуся ў забастоўцы”, — паведаміла выкладчыца БелаПАН.
„Па сутнасці, мяне звольніў Лукашэнка сваімі словамі 27 кастрычніка. Астатнія толькі навыперадкі выконваюць яго загады”, — сказала Дуліна.
27 кастрычніка на нарадзе па падрыхтоўцы Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Лукашэнка заявіў: „Хто выйшаў, парушаючы закон, на несанкцыянаваныя акцыі, пазбаўляецца права быць студэнтам. Калі ласка, адпраўце іх, як я казаў, каго ў армію, а каго на вуліцу. Няхай ходзяць па вуліцы. Але яны павінны быць адлічаныя з ВНУ. Тое ж самае выкладчыкі, іх таксама адзінкі, якія брыдка сябе паводзяць у ВНУ”.
Дацэнт кафедры італьянскай мовы Наталля Дуліна прапрацавала ў МДЛУ 29 гадоў. Разам з дзвюма іншымі выкладчыцамі яна звольненая з ВНУ за актыўную грамадзянскую пазіцыю. Сёння стала вядома, што ўніверсітэт з салідарнасці з калегамі пакінула прафесар кафедры агульнага мовазнаўства Алена Лукашанец.