Суд над Дзмітрыем Паліенкам (абноўлена)
Завяршыўся другі дзень судовага паседжаня па справе Дзмітрыя Паліенкі, які абвінавачваецца ў злостным хуліганстве за распырскванне пярцовага балончыка ў твар Аляксею Юрыну. У якасці сведкі акрамя сям’і пацярпелага мужчыны выступіў і знаёмы Дзмітрыя, які ў той час быў разам з ім (але наўпрост не бачыў сам момант інцыдэнту), – Андрэй Войніч.
– Маё асабістае меркаванне, што гэтая справа раздутая з нічога. Я не лічу Паліенку ўвогуле вінаватым. Бо чалавек бараніў сябе, свой гонар і годнасць. Другі момант, я не бачу падстаў не верыць Паліенку, калі ён мне нешта гаворыць пры асабістых размовах літаральна праз хвіліну пасля гэтага інцыдэнта. Я лічу, што ён сказаў мне праўду. Адпаведна, я бачу сітуацыю літаральна наадварот таму, як гэта прадстаўлена.
Першапачаткова Паліенка абвінавачваўся яшчэ па трох эпізодах – нанясенне графіці, распальванне варожасці да супрацоўнікаў міліцыі праз ролік, змешчаны ў youtube, ды абраза былога міністра МУС Ігара Шуневіча. Але абвінавачванні па гэтых артыкулах дзіўным чынам былі знятыя – у першы дзень судовага паседжання пракурор іх проста не агучыў. Тым не менш Андрэй Войніч лічыць, што і гэтыя абвінавачванні былі раздутыя і не неслі ў сабе сэнсавай нагрузкі.
– Паліенка – гэта ў прынцыпе любы чалавек, які можа быць рэпрэсаваны ні за што. Гэтая справа з’яўляецца паказальнай. Мы жывем у Беларусі, дзе, на мой погляд, на жаль, не звяртаюць увагу на законнасць, і лічаць яе ўмоўнасцю.
Суд па справе Дзмітрыя Паліенкі працягнецца 23 кастрычніка а 12-й гадзіне.
Беларускае Радыё Рацыя
* * *
У Менскім гарадскім судзе 18 кастрычніка працягваецца разгляд крымінальнай справы сацыяльнага актывіста Дзмітрыя Паліенкі.
На першым судовым пасяджэнні стала вядома, што пракуратура адмовілася ад ранейшых абвінавачванняў па арт. 341 КК (нанясенне графіці ў Курапатах і на будынак на вуліцы Ахоцкай), ч. 1 арт. 130 (распальванне варожасці да супрацоўнікаў міліцыі ў размешчаным на youtube відэароліку), арт. 369 (абраза міністра (былога) МУС Ігара Шуневіча ў відэароліку).
Справа разглядаецца толькі па ч. 3 арт. 339 (асабліва злоснае хуліганства) па факце распылення пярцовага газу ў твар мужчыне на лесвічнай пляцоўцы.
Разглядае справу суддзя Пётр Арлоў. Пракурор – Аляксандр Кароль.
З-за вялікага грамадскага рэзанансу суд прыняў рашэнне праводзіць працэс ў адкрытым рэжыме.
На судзе выявілася шмат супярэчнасцяў паміж паказаннямі пацярпелага і сведкаў, якія былі дадзеныя падчас следства і якія прагучалі ў судзе.
Перад судовым паседжаннем у чарзе быў затрыманы актывіст „Народнай грамады” Сяргей Спарыш. Яго павязалі і ўвалаклі. На падставе таго, што суддзя забараніў яму прысутнасць. Пры затрыманні прысутнічаў камандзір мінскага АМАПу Дзмітрый Балаба.