Суд над кнігарняй «Логвінаў» пройдзе 5 студзеня
Суд над кнігарняй «Логвінаў» пройдзе 5 студзеня ў Эканамічным судзе Менска. Кнігарня «Логвінаў» працавала на працягу 5 гадоў да таго моманту, пакуль быў прыняты новы закон аб друку.
Згодна яму, каб прадаваць кніжкі «Логвінаў» павінен быў атрымаць дзяржаўную рэгістрацыю, у чым восем разоў Міністэрства інфармацыі кнігарні адмаўляла.
Пра гэта паведаміў яе стваральнік Ігар Логвінаў:
– У канцы году прыйшла праверка, якая выявіла, што мы прадавалі кніжкі без рэгістрацыі. Склалі пратакол. Справы накіравалі ў суд. Пагражае штраф да 500 мінімальных заробкаў, канфіскацыя прыбытку, атрыманага ў выніку дзейнасці – каля мільярду беларускіх рублёў.
Кнігарная «Логвінаў» з“яўлялася адным з цэнтраў літаратурнага жыцця беларускай сталіцы. Грамадская пляцоўка, дзе літаральна штодня літаратары сустракаліся з публікай падчас дыскусій, аўтограф-сесій і літаратурных акцый.
Тут быў самы поўны выбар кніг і дыскаў з літаратурай і музыкай на беларускай мове не толькі ў Мінску, але і ў Беларусі. Была і вялікая “Польская шафа” з кнігамі па-польску, а яшчэ выданні па-ўкраінску і па-ангельску.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя