Мікалай Казлоў дастаўлены з ізалятара на Акрэсціна ў шпіталь МУС (абноўлена)



Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП), член асноўнага складу Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі Мікалай Казлоў дастаўлены з ізалятара ў 1-м завулку Акрэсціна ў шпіталь МУС. Аб гэтым паведамляецца на афіцыйнай старонцы АГП у „Фэйсбуку”.

Казлоў быў затрыманы ўвечары 22 сакавіка ў Менску недалёка ад свайго дома. На яго склалі пратакол за непадпарадкаванне супрацоўнікам сілавых структур (арт. 24.3 абноўленага КоАП) і змясцілі ў ізалятар.

* * * 

Суд Цэнтральнага раёна Менска 23 сакавіка пачаў разглядаць адміністрацыйную справу старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП), члена асноўнага складу Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі Мікалая Казлова.

Кіраўнік АГП быў затрыманы напярэдадні ўвечары ў Менску недалёка ад свайго дома і змешчаны ў ізалятар на Акрэсціна. На яго склалі пратакол за непадпарадкаванне супрацоўнікам сілавых структур (арт. 24.3 абноўленага КоАП).

Як паведаміла БелаПАН намеснік кіраўніка АГП Антаніна Кавалёва, Казлова на працэс не прывезлі, суд праходзіў па скайпе. Мікалай прасіў адкласці судовы разбор, каб атрымаць медыцынскую дапамогу з-за высокага ціску і дрэннага самаадчування.

„Ён распавёў, што знаходзіцца ў аднамеснай камеры, дзе акрамя яго ўтрымліваюцца яшчэ сем чалавек. На падлогу камеры вылілі каля 20 літраў канцэнтраванага раствору хлору. Таксама Мікалай хадайнічаў, каб яму далі магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі справы, але суддзя сказаў, што з матэрыяламі ён будзе знаёміцца шляхам іх абвяшчэння ў працэсе”, — расказала Кавалёва.

Прыкладна праз сорак хвілін пасля пачатку працэсу сувязь з Казловым перапынілася, у судзе быў абвешчаны перапынак. „Затым да нас падышла сакратарка суда і паведаміла, што Мікалаю выклікалі хуткую дапамогу, трэба чакаць, ці зможа ён працягваць удзел у працэсе”, — адзначыла намеснік кіраўніка АГП.

У выніку судовае пасяджэнне адклалі „да ўдакладнення пытання пра стан здароўя” Казлова. „Удзельнікам працэсу дата будзе паведамленая дадаткова”, — дадала Кавалёва.

Раней (30 снежня, 5 і 11 студзеня) у Следчым камітэце Казлоў на допытах у якасці сведкі ў рамках крымінальнай справы па факце стварэння КР тройчы адмаўляўся даваць падпіску аб невыдаванні. На яго складалі адміністрацыйныя пратаколы, прызначалі арышт на 15 сутак, выклікалі на гутаркі ў РАУС. Пасля адной з іх Казлоў правёў трое сутак у ЦІП на Акрэсціна.

10 сакавіка стала вядома, што ў дачыненні да лідара АГП распачалі справу па ч. 1 арт. 407 Крымінальнага кодэкса (выдаванне звестак дазнання, папярэдняга следства альбо закрытага судовага пасяджэння).

Сам Казлоў падкрэсліваў, што ніякай сакрэтнай інфармацыі не выдаваў. „Акрамя таго, што я сказаў, што справа аб Каардынацыйнай радзе сфабрыкаваная і людзі сядзяць нявінна. Сваю некампетэнтнасць гэтыя следчыя спрабуюць схаваць падпіскамі аб невыдаванні. Следчая група расцаніла маю адмову даваць падпіску аб невыдаванні як адміністрацыйнае правапарушэнне, хоць я скарыстаўся сваім законным правам. Расказваю ўсё як ёсць, бо думаю, што такім чынам дапамагу іншым людзям”, — цытаваў лідара АГП тэлеграм-канал Каардынацыйнай рады.

belapan.by