На судзе над Золатавай аб’яўлены перапынак да 25 лютага (абноўлена)



На судовым працэсе па крымінальнай справе галоўнага рэдактара партала tut.by Марыны Золатавай абвешчаны перапынак да 10 гадзін 25 лютага. У гэты дзень пачнуцца спрэчкі бакоў.

19 лютага адбыўся допыт абвінавачванай.

* * * 

У судзе Завадскога раёну Менска, на працэсе па так званай „справе БелТА”, адбыўся допыт галоўнага рэдактару парталу Tut.by Марыны Золатавай. Яна абвінавачваецца па частцы 2 артыкула 425 крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (бяздзеянне службовай асобы), — быццам яна не прадухіліла несанкцыянаванае выкарыстанне сваімі падначаленымі платнай ленты навінаў БелТА, на якую Tut.by не быў падпісаны.

Марына Золатава не прызнала сваёй віны. Яна таксама патлумачыла некаторыя разыходжанні паміж сваімі паказаннямі падчас следства і на судзе.

– Я не лічу, што ў маіх дзеяннях быў склад злачынства. Так, я шкадую пра тое, што я не здзейсніла нейкіх больш сур’ёзных захадаў для таго, каб пераканацца ў тым, што калега больш не карыстаецца несанкцыянаваным доступам, але я не лічу, што ў гэтым ёсць склад злачынства. Я не лічу, што супярэчнасці былі істотнымі, у тых месцах, дзе яны былі, яны тлумачыліся, па-першае, тым, што ў той момант я хацела прыкласці ўсе намаганні для таго, каб адпусцілі іншых супрацоўніках Tut.by.

А па-другое, кажа Марына Золатава, ролю адыграла і тое, што гэта быў першы ў яе жыцці допыт у якасці падазраванай і ён адбываўся пасля 2 сутак яе знаходжання ў ізалятары часовага затрымання.

Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

***

Галоўны рэдактар tut.by Марына Золатава не прызнае, што ў яе дзеяннях быў склад злачынства. „Я прызнаю, што не прыняла больш рашучых мер, аднак я лічу, што гэта не склад злачынства”, — заявіла яна ў судзе 19 лютага.

* * * 

Галоўны рэдактар tut.by Марына Золатава паведаміла суду, што яе абавязкі заключаюцца ў „арганізацыі працы рэдакцыі, каардынацыі, планаванні, аналізе наяўнай працы, вызначэнні стратэгічных напрамкаў — напрыклад, па развіцці новых раздзелаў”. 

„Я трымаю справаздачу перад гендырэктарам Людмілай Чэкінай, магу выказаць меркаванне, у тым ліку па кадравых пытаннях. Часам рэдагую матэрыялы. Па нейкіх пытаннях, звязаных з працай рэдакцыі, узаемадзейнічаю з органамі дзяржкіравання”, — расказала абвінавачаная.

Дзяржабвінаваўцу Юлію Харчэйкіну цікавіў механізм размяшчэння навін на сайце і роля Золатавай у гэтым працэсе. Галоўрэд tut.by растлумачыла, што за аператыўную інфармацыю і маніторынг крыніц адказвае аддзел навін. Паводле слоў Золатавай, у некаторых выпадках аддзел навін можа звярнуцца па параду пра каштоўнасць той ці іншай інфармацыйнай нагоды да рэдактара пэўнага раздзела сайта або пацікавацца яе думкай. 

Золатава таксама паведаміла, што матэрыялы вычытваюць і публікуюць рэдактары ў межах сваіх раздзелаў. Сама яна вычытвае тэксты ў раздзеле „Эксклюзіў” і некаторых іншых, а таксама матэрыялы па просьбе калег.

Згодна са словамі Золатавай, пытанне пра падпіску на платны кантэнт БелТА яна сама ўзнімала „вельмі даўно”. „Я тэлефанавала ў БелТА, высвятляла ўмовы падпіскі, — сказала яна. — У мяне спыталі, навошта гэта нам, я адказала, што для публікацыі на сайце. Супрацоўнік БелТА сказаў мне, што для нас гэта „будзе альбо немагчыма, альбо дорага”. Пазней мы дамовіліся аб выкарыстанні матэрыялаў з адкрытага доступу ў абмен на размяшчэнне спасылак на матэрыялы БелТА. Як паказваў былы гендырэктар БелТА Дзмітрый Жук, такое супрацоўніцтва БелТА было выгаднае, таму што пераходы з tut.by падвышалі ім трафік”. 

Паводле слоў Золатавай, яна „магла здагадвацца” пра тое, што нехта ў tut.by заходзіць у платную вобласць сайта БелТА. „Гэтая тэма абмяркоўвалася сярод журналістаў, наогул у журналісцкім асяродку, што паролі БелТА „гуляюць”. Але ў мяне не было прычыны задавацца пытаннем: „А ці няма ў нас магчымасці несанкцыянаванага доступу?” Я не чула, каб пра гэта казалі ў рэдакцыі, у мяне ніхто не пытаўся пра пароль ад БелТА”, — заявіла падсудная.

Адказваючы на пытанне дзяржабвінаваўцы, Золатава падкрэсліла, што з яе працоўнага месца яна не бачыць маніторы іншых супрацоўнікаў і тое, на якія сайты яны заходзяць. 

Пасля размовы з калегамі ў сакавіку 2018 года, калі Золатава даведалася пра выкарыстанне чужога пароля ад платнага кантэнту БелТА адным з супрацоўнікаў, яна, паводле яе слоў, „у той момант не магла падазраваць, што несанкцыянаваны доступ мае такія маштабы”.

* * * 

Суд Заводскага раёна Менска раніцай 19 лютага аднавіў разгляд у адкрытым рэжыме крымінальнай справы ў дачыненні да галоўнага рэдактара сеткавага выдання tut.by Марыны Золатавай, якая абвінавачваецца ў бяздзейнасці службовай асобы (ч. 2 арт. 425 КК).

Чакаецца, што сёння адбудзецца допыт абвінавачанай, якая ў пачатку працэсу адмовілася даваць паказанні, пакуль не будуць дапытаныя ўсе сведкі.

Справу разглядае суддзя Аляксандр Петраш. Працэс пачаўся 12 лютага ў будынку суда Маскоўскага раёна сталіцы з большымі памяшканнямі. Дзяржаўным абвінаваўцам выступае старшы пракурор аддзела Генпракуратуры Юлія Харчэйкіна. Золатаву абараняе адвакат Марына Вараб’ёва.

Як сцвярджае абвінавачанне, з пачатку 2017-га да сярэдзіны 2018 года Золатава, з’яўляючыся службовай асобай, не прыняла мер рэагавання, ведаючы пра тое, што яе падначаленыя па чужых лагінах і паролях неправамерна заходзяць у сістэму з платным кантэнтам дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА. Тым самым яна „патурала злачынству” паводле ч. 2 арт. 349 КК (несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі).

Золатава віны не прызнала.

На пасяджэнні 18 лютага ў першай палове дня быў абвешчаны фінальны, 58-мы, том крымінальнай справы. Паводле ўдакладненай інфармацыі, пры неабходнасці суд можа вярнуцца да даследавання матэрыялаў справы.

Згодна з экспертызамі, на некаторых канфіскаваных цвёрдых дысках сярод іншага была інфармацыя, якая сведчыць пра наведванне платнай вобласці сайта БелТА, аўтарызацыі ў ёй і праглядзе кантэнту, прызначанага для падпісчыкаў. Шэраг канфіскаваных носьбітаў інфармацыі ўтрымлівалі файлы з лагінамі і паролямі доступу да платных матэрыялаў БелТА, а таксама іншую інфармацыю, якая зацікавіла следства.

Золатава звярнула ўвагу суда на тое, што следчыя атрымалі доступ да ўліковага запісу супрацоўніка tut.by Дзмітрыя Бобрыка ў месенджары Telegram. Праз яго ўліковы запіс яны знаёміліся з унутрырэдакцыйнай перапіскай аж да верасня 2018 года, што вынікае з матэрыялаў справы.

У другой палове дня працэс праводзіўся ў закрытым рэжыме, бо суд даследаваў перапіску ў розных месенджарах абвінавачанай і сведак, якія выступілі супраць публічнага агляду гэтых матэрыялаў.

У гэты ж дзень прадстаўнікі інтарэсаў РУП „БелТА” адвакаты Барыс Ляскоўскі і Ігар Панкоў адмовіліся ад раней выстаўленых у грамадзянскіх ісках патрабаванняў аб кампенсацыі шкоды з-за несанкцыянаванага доступу да матэрыялаў платнай падпіскі дзяржаўнага інфармагенцтва, а прадстаўнік выдавецкага дома „Беларусь сегодня” адвакат Аляксей Шпілеўскі — ад іскавых патрабаванняў аб кампенсацыі маёмаснага ўрону за несанкцыянаваны доступ да кантэнту БелТА па паролях выданняў холдынгу. Прадстаўнікі грамадзянскіх істцоў адмовіліся ад гэтых патрабаванняў у сувязі з тым, што ўказаная заяўнікамі шкода на гэты момант кампенсаваная ў поўным аб’ёме.

Прадстаўнік ВД „Беларусь сегодня” Шпілеўскі далей у працэсе ўдзельнічаць не будзе. Адвакаты Ляскоўскі і Панкоў, якія выкладаюць інтарэсы БелТА, застаюцца ўдзельнікамі судовага разбору, бо яны па-ранейшаму патрабуюць спагнаць з Золатавай расходы інфармагенцтва на юрыдычную дапамогу ў 6 тыс. рублёў.

Марына Золатава — адзіная з 15 фігурантаў „справы БелТА”, каго давялі да суда. Усе астатнія фігуранты, якіх абвінавачвалі ў несанкцыянаваным доступе да камп’ютарнай інфармацыі, былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай згодна з арт. 86 КК. Акрамя штрафаў у 30 базавых велічынь (735 рублёў, базавая велічыня на той момант складала 24,5 рубля) яны кампенсавалі выстаўленую шкоду, сумы якой вар’яваліся ад 3 тыс. да 17 тыс. рублёў.

БелаПАН