Суд над Міколам Салянікам перанесены на 26 лiстапада
Суд над Міколам Салянікам, старшынём Гарадзенскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, павінен быў адбыцца 22 лістапада ў Ленінскім раённым судзе Гародні. Пакуль Саляніка пусцілі толькі ў будынак суда, але не пусцілі ў залу судовых паседжанняў, бо той меў на думку суда „неадпаведны знешні выгляд”. У звязку з гэтым разгляд справы перанесены на 26 лiстапада.
22 лістапада Салянік прыйшоў у суд у паласатай турэмнай робе з металёвым ашыйнікам і калодкай на ланцугу, які быў прыкуты да ланцугу. У руках Мікалай Салянік трымаў асобнікі Канстытуцыі. Міліцыянты і супрацоўнікі суда, аднак, „не ацанілі” такі перформанс грамадскага актывіста. Разгляд адміністрацыйнай справы пакуль не адбыўся.
Мікола Салянік лічіць, што судовая сістэма Беларусі давяла яго да крайняй кропкі адчаю:
– Ёсць такое слова – адчай. Я ўжо не ведаю як данесці да звычайнага жыхара Рэспублікі Беларусь, што далей так жыць, як мы жывём 24 гады, ужо нельга. Цывілізаванымі метадамі выражаць пункт гледжання нам не даюць, выбараў у нас няма, законы ў нас не працуюць.
Кажа грамадскі актывіст Анатоль Мышкевіч:
– Малайчына Мікола Васільевіч. Я яго вельмі паважаю за яго характар, за тое, што чалавек не баіцца выказвацца і ідзе супраць гэтай злачыннай сістэмы. Пабольш бы такіх люзей у нашай краіне, у нашым горадзе, тады б мы магчыма і жылі як нармальныя людзі ў нармальных краінах, а не так, як цяпер жывем у Беларусі.
Цалкам рэпартаж слухайце ў далучаным файле:
Мікола Салянік абвінавачаны паводле адміністрацыйнага кодэксу нібыта ў арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства: 7-га лістапада ён выйшаў з плакатам „Далоў самадзяржаўе!”. Гэты гістарычны лозунг лютаўскай рэвалюцыі адпавядаў ідэям бальшавікоў, з падачы якіх было ўсталяванае свята 7-га лістапада.
Сваёй віны Салянік не прызнае.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня