Суд над Паліенкам пройдзе ў закрытым рэжыме



Судовы працэс над анархістам Дзмітрыем Паліенкам пройдзе ў закрытым рэжыме ў Менскім гарадскім судзе. Пра гэта паведаміла афіцыйны прадстаўнік Вярхоўнага суда Юлія Ляскова.

«Пасяджэнне пачнецца 25 верасня ў 10.30 у закрытым рэжыме», – сказала Ляскова.

Паліенка быў затрыманы 20 сакавіка па падазрэнні ў здзяйсненні асабліва злоснага хуліганства. «Паводле дадзеных следства, 13 сакавіка прыблізна ў 20 гадзін на лесвічнай пляцоўцы аднаго з дамоў па вуліцы Гурскага ў Менску неўстаноўленая асоба ў адказ на заўвагу мужчыны пра курэнне ў пад’ездзе распыліла яму ў твар газ з газавага балончыка. Супрацоўнікамі міліцыі падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў па падазрэнні ва ўчыненні злачынства 20 сакавіка быў затрыманы Дзмітрый Паліенка. Ён дапытаны, па месцы яго жыхарства праведзены вобшук», – паведаміла тады БелаПАН афіцыйны прадстаўнік СК Юлія Ганчарова.

5 красавіка Паліенку было выстаўленае абвінавачанне па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: асабліва злоснае хуліганства (ч. 3 арт. 339), апаганьванне збудавання і псаванне маёмасці (арт. 341) і распальванне сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130).

2 ліпеня стала вядома, што крымінальная справа перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд. 12 ліпеня яна была вернутая ў Заводскі раённы аддзел СК для правядзення дадатковага папярэдняга расследавання ў адпаведнасці з арт. 264 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, паведаміла прэс-служба пракуратуры Менска.

Паліенку было выстаўленае яшчэ адно абвінавачанне на падставе арт. 341 КК (за графіці ў Курапатах), а таксама абвінавачанне на падставе арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) – за абразу былога міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча.

Выстаўленае Паліенку ў красавіку абвінавачанне на падставе арт. 341 КК тычылася эпізоду з нанясеннем графіці на будынак на вуліцы Ахоцкай у Заводскім раёне Менска. Крымінальную справу Следчы камітэт распачаў 23 студзеня гэтага года. Акрамя Паліенкі фігурантамі гэтай справы зʼяўляюцца маладзёжныя актывісты Яўген Чуліцкі і Анастасія Гусева.

Мера стрымання ў дачыненні да Паліенкі засталася ранейшай – ён знаходзіцца пад вартай.

Першы раз актывіст анархісцкага руху Дзмітрый Паліенка быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за ўдзел у велапрабегу «Крытычная маса» ў красавіку 2016 года ў Менску. Яго абвінавацілі ў «гвалце або пагрозе гвалту ў дачыненні да супрацоўніка праваахоўных органаў» – за тое, што ён парваў куртку міліцыянеру. У кастрычніку 2016 года суд прыгаварыў яго да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай прысуду на два гады. У красавіку 2017 года адтэрміноўка была адмененая ў сувязі з неаднаразовым прыцягненнем Паліенкі да адміністрацыйнай адказнасці. Тады ж беларускія праваабаронцы прызналі Паліенку палітвязнем. 24 кастрычніка 2018 года яго вызвалілі з бабруйскай папраўчай калоніі № 2.

БелаПАН