Суд над Паўлам Севярынцам пачнецца 12 траўня



Суд над сустаршынём аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўлам Севярынцам пачнецца 12 траўня.

Разам з ім будуць судзіць пяць актывістаў грамадзянскай кампаніі „Еўрапейская Беларусь”: Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Дзмітрыя Казлова, Максіма Вінярскага, Андрэя Войніча і Ірыну Шчасную.

Як паведамляе „Еўрапейская Беларусь”, справа будзе разглядацца ў Магілёўскім абласным судзе.

Павел Севярынец быў затрыманы 7 чэрвеня 2020 года каля свайго дома неўзабаве пасля таго, як правёў на плошчы перад сталічным Камароўскім рынкам „народны пікет свабоды і салідарнасці” побач з пікетамі па зборы подпісаў за вылучэнне альтэрнатыўных Аляксандру Лукашэнку кандыдатаў у прэзідэнты.

21 жніўня Севярынец павінен быў выйсці на волю пасля 75 сутак адміністрацыйнага арышту. Аднак Следчы камітэт паведаміў, што ў дачыненні да палітыка распачатая справа па арт. 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса (затрыманне па непасрэдна ўзніклым падазрэнні ў здзяйсненні злачынства). Затым стала вядома, што палітыку выстаўленае абвінавачанне па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках), яго пакінулі пад вартай.

Войніч, Юхневіч і Афнагель былі затрыманыя 25 верасня. У кастрычніку ім выставілі абвінавачанне па ч. 2 арт. 293 КК. У лютым 2021 года каардынатару „Еўрапейскай Беларусі” Афнагелю было выстаўленае яшчэ адно абвінавачанне — па ч. 3 арт. 293 КК (навучанне або іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках альбо фінансаванне гэтай дзейнасці).

Пра затрыманне Вінярскага МУС паведаміў 26 студзеня. Паводле дадзеных праваабаронцаў, яму таксама выстаўленае абвінавачанне па ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках).

Блогер YouTube-канала „Шэры кот” Дзмітрый Казлоў быў затрыманы 10 чэрвеня і на наступны дзень арыштаваны на 20 сутак. Ён павінен быў выйсці на волю 30 чэрвеня, але яго пакінулі за кратамі. Пазней стала вядома, што ў дачыненні да Казлова распачатая справа па ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Усе шэсць абвінавачаных знаходзяцца ў магілёўскай турме № 4.

Праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.

БелаПАН