Суд над пінскімі пратэстоўцамі адбудзецца ў Берасці



Суд над дзесяццю жыхарамі Пінска, якія з’яўляюцца фігурантамі крымінальнай справы “масавыя беспарадкі” за ўдзел у стыхійным мітынгу з 9-га на 10-е жніўня адбудзецца ў Берасці. Чаму суд Пінска адмовіўся весці працэс над пінчукамі-палітвязнямі – невядома.                                                          

Старшыня мясцовай арганізацыі сацыял-дэмакратаў Вераніка Іванова гаворыць, што такое рашэнне зацягвае пачатак судовага працэсу:

– Па-першае, гэта азначае, што неабходна зноўку складу суда азнаёміцца з матэрыяламі, каб прыйсці на судовае пасяджэнне падрыхтаванымі. Па-другое, гэта выбіла ў нас са строю некалькі адвакатаў, таму што ўдзел у гэтым працэсе мяркуе, што ты пастаянна будзеш  знаходзіцца ў Берасці. Не ўсе гатовыя. У кагосьці ёсць на апецы родныя, у кагосьці асабісты стан здароўя не дазваляе. Таму ў нас адбываецца замена некаторых адвакатаў, якія не ў стане суправаджаць сваіх падабаронных у Берасцейскім абласным судзе. І таму зацягнулася.

Першапачаткова чакалася, што пінчукоў, якіх затрымалі за акцыю пратэсту каля Пінскага гарадскога выканкама, будуць судзіць у Пінску. Іх вінавацяць у траўмаванні паўсотні міліцыянтаў і нанясенні шкоды маёмасці на 23 тысячы рублёў. Такі афіцыйны вынік сутычкі сілавікоў і пратэстоўцаў у Пінску ноччу з 9-га на 10-е жніўня.

Беларускае Радыё Рацыя