Суд над Прахарэнкам па-ранейшаму праходзіць без яго ўдзелу



Суд Савецкага раёна Гомеля 27 кастрычніка працягнуў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Юрыя Прахарэнкі, якога вінавацяць адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 391 (абраза суддзі або народнага заседацеля) і арт. 368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).

Па справе праходзяць 23 пацярпелыя. Гэта супрацоўнікі органаў унутраных спраў, суддзі, пракурорскія работнікі і нават прэзідэнт.

Паколькі ў працэсе ад пачатку першага пасяджэння 29 верасня змяніліся адразу і суддзя, і дзяржабвінаваўца, новы суддзя Аляксандр Мохараў паведаміў, што справа, па-сутнасці, будзе разглядацца нанава.

Сам абвінавачаны ў судзе па-ранейшаму не прысутнічае, сваякі кажуць, што малады чалавек знаходзіцца ў дэпрэсіўным стане, у яго заўважаныя панічныя атакі і псіхасаматычныя парушэнні. Яму трэба неадкладнае медычнае даследаванне і лячэнне, аднак гэтае пытанне так хутка не вырашаецца.  

За час зняволення ў СІЗА Гомеля Юрый пахудзеў больш чым на 35 кілаграмаў.

Ягоным законным прадстаўніком у судзе выступае бацька — Сяргей Прахарэнка.

27 кастрычніка суд працягнуў допыт пацярпелых па справе, якія па-ранейшаму на суд не з’явіліся. Некаторыя з іх даслалі заявы, каб на судзе зачыталі іх ранейшыя паказанні.

Былі зачытаныя паказанні дадзеныя яшчэ падчас следства, Паўла Бародзькі (Менск), Сяргея Грузневіча (Віцебск), Звенігародскай (Гомель), Уладзіслава Макарэвіча (Менск), Уладзіслава Высоцкага.

Аднак у некаторых пацярпелых, як высвятлілася падчас судовага пасяджэння, у справе няма ніякіх ранейшых паказанняў і пратаколаў.

Урэшце суд пастанавіў завяршыць судовае следства без удзелу астатніх пацярпелых.

Суд таксама хацеў дапытаць маці абвінавачанага Юрыя Прахарэнкі, аднак яна чамусьці прысутнічала ў зале.

“Ну і што, што яна ў зале, яна ж не будзе распавядаць пра акалічнасці”, — заявіў суддзя Мохараў.

Аднак Марыя Прахарэнка адмовілася сведчыць супраць свайго сына.

Наступнае судовае пасяджэнне прызначанае на 10 раніцы 29 кастрычніка.

spring96.org