Суд над Пятром Садоўскім перанесены
Суды над былым дыпламатам Пятром Садоўскім за выступ у абарону незалежнасці па заведзеных адміністрацыйных справах па парушэнні правілаў масавых мерапрыемстваў, перанесеныя на 9-га студзеня.
Дзве справы па 7 і 8 снежня разглядаліся ў судзе Цэнтральнага раёна Менска асобна. Суддзі Юлія Густыр і Іван Касцян адпаведна.
Пятро Садоўскі лічыць, што ім давялося пераносіць суд, паколькі яны не былі падрыхтаваныя да сур’ёзнага разгляду справы, а сведкі-міліцыянты, як і на многіх іншых «палітычных» судах, ілжэсведчылі і блыталіся ў паказаннях:
– Аператыўных здымкаў, дзе б давалася дата і час фотаздымка, – няма. На пасяджэнні, якое было прысвечанае майму выступу восьмага, яны паказалі здымак, які быў сёмага. Я зусім інакш апрануты, я тут у зімовай шапцы. А восьмага я быў у бейсболцы. А сёння мне паказалі здымак за сёмага зусім іншага чалавека ў цёмных акулярах, у мяне нават такіх няма, і ў вязанай нейкай зімовай шапцы. Блытаюцца і міліцыянеры. Пытаюцца: ці быў Садоўскі са сцягам. Мог бы быць – вось іх адказ.
Пятро Садоўскі настойваў на тым, каб суд вынес пастанову і накіраваў яе ў Савецкі РАУС сталіцы з тым, каб ілжэсведчанні ў беларускіх судах скончыліся, а пратаколы складаліся належным чынам.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя