Суд над Сцяпанам Латыпавым адновіцца 10 чэрвеня



Судовы працэс над палітвязнем Сцяпанам Латыпавым адновіцца 10 чэрвеня а 10:30.

Сваякі паведамляюць, што цяпер ён змешчаны ў палату медчасткі СІЗА №1, ягоны стан здавальняючы, адміністрацыя прыняла медычную перадачу.

Нагадаем, што мянчук Сцяпан Латыпаў, якога падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў, 1 чэрвеня здзейсніў спробу суіцыду ў залі суду. Заявіўшы з клеткі, што яго гвалтам прымушаюць зрабіць хлуслівае прызнаньне, а іначай рэпрэсіі перакінуцца на сваякоў і суседзяў, ён уваткнуў сабе ў горла тонкі прадмет і потым пачаў рэзаць рукі.

Тым часам, МЗС Нямеччыны выказалася з нагоды ўчынку Латыпава: «Гэта шакуе і сімвалізуе безнадзейнасць, у якую Лукашэнка апускае беларусаў з дапамогай рэпрэсіяў і жорсткага гвалту». Прадстаўніца нямецкага МЗС Марыя Адэбар запэўніла, што Нямеччына будзе садзейнічаць пашырэнню санкцый Еўразвязу ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. «Падчас цяперашніх кансультацыяй у Бруселі, якія заўважна рухаюцца наперад, Берлін выступае за тое, каб гэта адбылося хутка і эфектыўна», — адзначыла яна.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: spring96.org