Суд над сынам гомельскіх журналістаў перанесены на 12 жніўня



Суд над сынам гомельскіх журналістаў Аленай Германовіч і Паўла Міцкевіча перанесены на 12 жніўня.

Суддзя Цэнтральнага раённага суда Алеся Осіпава вырашыла атрымаць дадатковыя доказы ад супрацоўнікаў міліцыі, якія ажыццяўлялі затрыманне маладзёна 3 ліпеня, і запатрабавала ад кіраўніцтва міліцыі Гомеля звестак, ці выдаваліся байцам АМАП у той дзень відэакамеры, якія маглі зафіксаваць здарэнне. Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка перакананы, што такім чынам суддзя вырашыла не браць на сябе адказнасць за справу, якая можа сапсаваць лёс 18-гадоваму хлопцу:

– Суддзя не хоча браць на сябе такі грэх і першы раз акунаць маладога чалавека ў “адміністрацыйку”. Усё ж у нас адміністрацыйныя правапарушэнні ўсё жыццё будуць за чалавекам “хадзіць”. Гэта будзе яго характарызаваць у адмоўным сэнсе. Я лічу, што суддзя ўсё ж хоча разабрацца ў гэтай справе. Я вось сёння прапанаваў вярнуць на дапрацоўку. Суддзі нічога не застаецца,  як спусціць гэтую справу „па сканчэнні тэрміну”.

Юрыя Германовіча затрымалі людзі ў цывільным 3 ліпеня ў раёне вуліцы Працоўнай. Маладзёна разам з сябрам перадалі байцам АМАП-у, якія склалі рапарт, паводле якога юнак нібыта размахваў рукамі і чапляўся да мінакоў. Ён гэта катэгарычна адмаўляе. Ягоныя бацькі, вядомыя гомельскія журналісты, звязваюць факт пераследу іх сына са сваёй працоўнай дзейнасцю.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель