Суд над Ціханоўскім, Статкевічам і Лосікам пачнецца на наступным тыдні
Суд у ізалятары. Справа Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча і Ігара Лосіка будзе разглядацца ў гомельскім СІЗА № 3 на закрытым судовым пасяджэнні.
Пра гэта паведаміў адвакат Дзмітрый Лепрэтар. Пачатак працэсу запланаваны на 24 чэрвеня а 10 гадзін раніцы. Папярэдняя дата заканчэння суда — 30 чэрвеня. Па словах абаронцы, Ігар разлічваў на адкрыты судовы працэс, настойваў на ім і вельмі расчараваны такім рашэннем. Ён па-ранейшаму заяўляе аб сваёй невінаватасці. Жонка Лосіка на сваёй старонцы ў „Інстаграме” выказала меркаванне, што закрыццё працэсу азначае толькі адно — у следства няма ніякіх доказаў віны абвінавачваных. „Кожны дзень, пакуль ідзе судовы працэс, я буду знаходзіцца каля сцен СІЗА-3”, — напісала яна.
Між тым, жонка Сяргея Ціханоўскага, цяпер лідарка дэмакратычнае Беларусі Святлана Ціханоўская ў сваім звароце зазначыла, што рэжым баіцца праўды і сілы:
– Я ведаю свайго мужа, ён знойдзе, што адказаць на кожнае прыдуманае абвінавачанне. „Я буду сядзець столькі, колькі дазволяць беларусы”, – сказаў Сяргей. Таму мы павінны змагацца столькі, колькі спатрэбіцца, каб вызваліць яго і тысячы невінаватых людзей, дабіцца новых выбараў. Я заклікаю кожнага дзейнічаць усімі даступнымі сродкамі, каб нашы нязломныя героі нарэшце вярнуліся дадому.
У ліку фігурантаў справы таксама Арцём Сакаў, Дзмітрый Папоў, Уладзімір Цыгановіч.
Беларускае Радыё Рацыя