Суд над Віктарам Казловым перанесены
Суд над прадстаўніком незалежнага прафсаюза РЭП па Гомельшчыне Вікатарам Казловым перанесены. Суддзя Гомельскага раённага суда Тамара Застаўнецкая вырашыла працягнуць разгляд справы 13 красавіка, каб у судзе з’явіўся лекар, які аперыраваў Віктара Казлова. Прысутнасць доктара патрэбная, каб высветліць стан здароўя апазіцыянера, якому нядаўна выдалілі частку лёгкага. Віктар Казлоў з-за складанай аперацыі ледзьве можа гаварыць уголас, а не тое што „лаяцца матам”, як сведчаць міліцынты.
– Амапаўцы, якія мяне затрымлівалі, хлусілі ў судзе. Я перадаў дакумент суддзі, каб яго ўключылі ў склад судовых матэрыялаў, з якога відаць, што мне год таму зрабілі аперацыю на лёгкіх: выдалілі верхнюю долю лёгкага. Таму ў мяне такі голас – я не магу гучна гаварыць, а тым больш крычаць.
Кіраўнік абласной арганізацыі прафсаюза РЭП Віктар Казлоў быў затрыманы байцамі АМАП у вёсцы Церашковічы Гомельскага раёна напярэдадні акцыі 25 сакавіка. Міліцыянты сведчаць, што актывіст гучна лаяўся матам і аказваў супраціў праваахоўнікам.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Фота svaboda.org