Суд над Вітольдам Ашуркам пачнецца 28 снежня



Разгляд крымінальнай справы супраць Вітольда Ашурка пачнецца 28 снежня – паведамляюць лідскія актывісты Партыі БНФ. Судовы працэс будзе праходзіць у судзе Лідскага раёна.

Сябра Сойму БНФ, жыхар горада Бярозаўка Вітольд Ашурак абвінавачваецца па двух крымінальных артыкулах, звязаных з арганізацыяй дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і ўжываннем гвалту ў дачыненні да міліцыянта – нібыта актывіст чыніў гэты гвалт падчас затрымання. Суддзя – Максім Філатаў. Суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме са спасылкай на каронавірус. Пакуль абвінавачаны ўтрымліваецца ў гарадзенскай турме.

Партыя БНФ заяўляе, што лічыць пераслед свайго сябра Вітольда Ашурка палітычна матываваным, а выстаўленыя супраць яго абвінавачанні – хлуслівымі: “Вітольд Ашурак кінуты за краты за ўдзел у мірных пратэстах і за патрабаванне цывілізаванага дыялогу. Вітольд Ашурак з’яўляецца палітвязнем і павінен быць вызвалены,” – гаворыцца ў адмысловай заяве партыі.

Вітольда Ашурка затрымалі спачатку 9 жніўня на некалькі дзён, а потым 19 верасня, асудзілі на 30 дзён арышту па адміністрацыйных справах за ўдзел у 8 мітынгах, ён адбываў арышт у Лідзе. Аднак праз месяц Ашурка ня вызвалілі, а пакінулі пад вартай цяпер ужо па крымінальнай справе. За кратамі Ашурак адзначыў сваё 50-годдзе.

Беларускае Радыё Рацыя